Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не будаваць дарогі на трупах!» Аршанцы патрабуюць скарэктаваць плян забудовы гораду


Мэмарыял на Кабыляцкай гары
Мэмарыял на Кабыляцкай гары

Падчас грамадзкага абмеркаваньня пляну забудовы Воршы высьветлілася, што аддзел архітэктуры мае на мэце будаўніцтва дзьвюх новых аўтадарог. І абедзьве яны заплянаваныя празь мясьціны сталінскіх рэпрэсій — проста па магілах, дзе ляжаць не ўшанаваныя дагэтуль ахвяры сталінізму.

У анатацыі да пляну забудовы мясьціны масавых рэпрэсій не згаданыя

Паводле генпляну пэрспэктыўнай забудовы, новыя дарогі павінны вырашыць адну з праблемаў Воршы. А менавіта стварыць «магчымасьць для зручнага транспартнага злучэньня паміж гарадзкімі ўтварэньнямі». Генэральны плян разам з анатацыяй да яго выкладзены на сайце Аршанскага райвыканкаму.

У анатацыі згадваюцца значныя падзеі ў гісторыі гораду. Але там няма ні слова пра тое, што ўрочышча Кабыляцкая гара яшчэ ў 1982 годзе было афіцыйна прызнаная месцам масавых расстрэлаў ахвяраў сталінізму.

На Дзяды тут штогод зьбіраюцца людзі
На Дзяды тут штогод зьбіраюцца людзі

Улады прапанавалі аршанцам знаёміцца з плянам і браць удзел у грамадзкім абмеркаваньні, якое будзе праводзіцца да 5-га кастрычніка. Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяз» Ігар Казьмярчак і прадстаўнік сацыял-дэмакратычнай партыі Віктар Міхасёў убачылі прапановы аддзелу архітэктуры і вырашылі, што іх трэба неадкладна скарэктаваць.

Актывіст Ігар Казьмярчак: «Нельга пракладаць дарогі па трупах!»

Ігар Казьмярчак расказаў, што аршанскія актывісты падрыхтавалі ліст да галоўнага архітэктара Воршы Ігара Селіванава.

«Убачыўшы генплян забудовы Воршы, мы арганізавалі сход прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў гораду. Вынікам стаў ліст да галоўнага архітэктара гораду Канстанціна Селіванава, дзе даводзіцца неабходнасьць адмовіцца ад пракладаньня дарог ва ўрочышчы Кабыляцкая гара і праз так званы Харкаўскі лес. Найперш таму, што гэта мэмарыяльныя месьціны. А таксама таму, што складаны ляндшафт будзе вымагаць вялікіх затратаў для бюджэту, тады як ёсьць магчымасьць рэстаўраваць ужо наяўныя дарогі, якія цалкам спраўляюцца з транспартнай нагрузкай», — кажа старшыня «Зьвязу».

Паводле генпляну, новая дарога мае прайсьці якраз ва ўрочышчы Кабыляцкая гара, дзе стаіць самаробны мэмарыял у памяць пра ахвяр расстрэлаў 1930-х. У 1980-я яго ўстанавілі на загад мясцовых уладаў, але з часам тыя забыліся пра гэтае месца.

Добраўпарадкаваньне мэмарыялу
Добраўпарадкаваньне мэмарыялу

Добраўпарадкаваньне мэмарыялу даўно стала клопатам мясцовых актывістаў

Страшная праўда пра расстрэлы на Кабыляцкай гары адкрылася яшчэ раней, чымсьці грамадзкасьць даведалася пра менскія Курапаты. Невядомае масавае пахаваньне была ўскрыта на самым адхоне ўзвышанасьці, калі ў 1982 годзе тут пракладалі чыгунку да станцыі «Ворша-Паўночная».

На той час яшчэ былі жывыя людзі, якія памяталі масавыя расстрэлы ў гэтых мясьцінах. Была створана адмысловая камісія" з прадстаўнікоў савецкіх і адміністратыўных органаў«, якая агледзела парэшткі, апытала мясцовых жыхароў, і прызнала, што на Кабыляцкай гары знойдзена не штось іншае, а месца сталінскіх расстрэлаў.

Сучасная шыльда
Сучасная шыльда

Каб ушанаваць памяць ахвяраў, тут спачатку паставілі крыж: гэта была ініцыятыва сяброў Беларускага народнага фронту. Потым Аршанскі гарвыканкам распарадзіўся ўстанавіць помнік: на месца расстрэлу прывезьлі вялікі валун і шыльду з радкамі Ганны Ахматавай: «Хотелось бы всех поименно назвать, да отняли список и негде узнать». Але шыльда зьнікла — яе скралі зладзеі, што «палявалі» на каштоўныя мэталы. Такі самы лёс напаткаў і наступную шыльду — барэльеф з сымбалічнымі фігурамі ахвяраў. Пасьля гэтага ўлады больш не праяўлялі імпэту, каб адрамантаваць помнік, і Аршанская рада БНФ за свае грошы заказала шыльду на заводзе «Легмаш». З чыгуну адлілі шыльду, якую прымацавалі ўжо ў другой палове 1990-х гадоў.

Аршанцы прыбіраюць месца масавых пахаваньняў, а на Дзяды ладзяць тут жалобныя імпрэзы. Нярэдка прыяжджаюць сюды і нашчадкі расстраляных, якія маюць зьвесткі пра сваіх рэпрэсаваных сваякоў.

Месца сталінскіх расстрэлаў у Харкаўскім лесе дагэтуль застаецца непрызнаным

«Расстрэльны» лес
«Расстрэльны» лес

Краязнаўцы сабралі шмат сьведчаньняў мясцовых жыхароў пра расстрэлы ў лесе абапал Магілёўскай шашы, якія адбываліся тут у 1930-я гады. Відавочцы нават казалі, што бачылі сьвечкі на брацкіх магілах — іх запальвалі сваякі забітых, бо людзі нейкім чынам знаходзілі, дзе былі расстраляныя іх родныя. Сьведкі апавядалі, што з правага боку ад дарогі масава расстрэльвалі сьвятароў, а зь левага — звычайных людзей, і стрэлы ды чалавечыя крыкі былі чуваць нават у суседніх вёсках Паддубцы і Сьвісьцёлкі.

Людзі здаўна спрабавалі пазначыць брацкія пахаваньні
Людзі здаўна спрабавалі пазначыць брацкія пахаваньні

Пра гэтае «расстрэльнае месца», сёньня часткова забудаванае жылымі дамамі, аршанцы таксама добра ведаюць. Людзі кажуць, што было й адпаведнае распараджэньне ўладаў — каб адзначыць і яго мэмарыялам, як на Кабыляцкай гары. Але справа да гэтага так і не дайшла, і нават адзіны крыж, пастаўлены тут яшчэ да мінулай вайны, сьпілавалі невядомыя.

Усё, што засталося ад апошняга крыжа
Усё, што засталося ад апошняга крыжа

Актывісты патрабуюць дасьледаваць гэтыя мясьціны і ўшанаваць памяць загінулых

Разам са зваротам да галоўнага архітэктара Воршы актывісты рыхтуюць і ліст на імя старшыні райвыканкаму Аляксандра Пазьняка. Яны прапануюць правесьці ў «расстрэльных» мясьцінах навуковыя дасьледаваньні — выклікаць сюды адмыслоўцаў з Акадэміі навук. І ні ў якім разе не сьпяшацца з будаўніцтвам на гэтых тэрыторыях, а ў пэрспэктыве стварыць тут гістарычныя ахоўныя зоны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG