Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі зьвярнуўся ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў адносна ўмоваў, у якіх адбывае пакараньне Міхаіл Жамчужны.
Ён патрабуе зрабіць неабходныя захады, каб гарантаваць палітвязьню бясьпеку і захаваньне асноўных правоў і свабодаў.
Паводле Бяляцкага, цяпер Жамчужны пакараны з надуманых прычын дысцыплінарным спагнаньнем і ўтрымліваецца ў памяшканьні камэрнага тыпу.
«Цяпер у папраўчай калёніі № 9 для Міхаіла Жамчужнага створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасьці і зьневажальнага характару ўмовы для адбыцьця пакараньня, арганізавана кампанія яго цкаваньня і запалохваньня, якая мае на мэце максымальна ізаляваць палітвязьня ад астатніх зьняволеных, абмежаваць яго ў правах і паставіць пад пагрозу яго жыцьцё і здароўе. Больш за тое, працягваюцца спробы прынізіць яго чалавечую годнасьць», — піша старшыня «Вясны».
Шэраг праваабарончых арганізацый Беларусі раней заявілі, што Жамчужнага пазбавілі волі на падставе абвінавачваньняў, справакаваных прадстаўнікамі дзяржавы. А само пакараньне яны назвалі непрапарцыйным.
Паводле Бяляцкага, правы Жамчужнага падчас зьняволеньня неаднаразова груба парушаліся: ён паведамляў пра зьбіцьцё супрацоўнікамі віцебскага СІЗА-2, пра парушэньне яго права на абскарджваньне прынятых адносна яго рашэньняў. У папраўчай калёніі № 14 Жамчужнага неабгрунтавана прызналі злосным парушальнікам рэжыму ўтрыманьня і паставілі на прафіляктычны ўлік як «схільнага да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасьці».
Заснавальнік «Плятформы Інавэйшн» Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 году быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакараньне — шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Суд прызнаў праваабаронцу вінаватым у падбухторваньні да наўмыснага разгалошваньня зьвестак, якія складаюць службовую таямніцу, у незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, і ў даваньні хабару.
Беларускія праваабаронцы прызналі Жамчужнага палітвязьнем.
Жамчужны ўтрымліваўся ў калёніі ў Навасадах (Барысаўскі раён Менскай вобласьці), затым у калёніі № 11 у Ваўкавыску (Гарадзенская вобласьць). 10 ліпеня яго перавялі ў Горкі. Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік. Першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве.