У Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны заявілі, што засакрэцілі судовыя рашэньні ў справе аб забойстве Паўла Шарамета для абароны жыцьця асобаў, «якія ўдзельнічаюць у крымінальным судаводзтве», гаворыцца ў адказе Сьледчай ўправы Нацыянальнай паліцыі на запыт «Украінскай праўды».
Пры гэтым ва ўправе адмовіліся паведамляць нейкія падрабязнасьці наконт разьвіцьця расьсьледаваньня. У паліцыі патлумачылі адмову тым, што «раскрыцьцё зьвестак нэгатыўна паўплывае на вынікі правядзеньня расьсьледаваньня».
Таксама сьледчыя не патлумачылі, чаму гэтыя асобы пачалі патрабаваць іншых захадаў бясьпекі праз год пасьля пачатку расьсьледаваньня, і якія менавіта гэта захады бясьпекі.
24 ліпеня Нацыянальная паліцыя Ўкраіны засакрэціла ўсе рашэньні судоў у справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета зь меркаваньняў бясьпекі.
У Адзіным рэестры судовых рашэньняў канфіскавалі з адкрытага доступу больш за 200 рашэньняў у справе аб забойстве Шарамета.
Павел Шарамет быў забіты ў Кіеве 20 ліпеня 2016 году. Паліцыя кваліфікавала гібель журналіста як наўмыснае забойства. Прыярытэтнай вэрсіяй забойства Шарамета зьяўляецца яго прафэсійная дзейнасьць.