Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе ў Беларусі небясьпечна зьбіраць грыбы


Сёлета ў Беларусі грыбны бум. Аматары дароў лесу зьбіраюць рэкордныя ўраджаі, часта не зважаючы на бясьпеку: паводле экспэртаў, больш за траціну ад правераных сьвежых грыбоў у Беларусі мелі недапушчальны ўзровень цэзію-137. Свабода разьбіралася, дзе ж у Беларусі нельга зьбіраць грыбы.

Згодна з жнівеньскімі дадзенымі дзяржаўнай установы па ахове і маніторынгу лесу «Беллесаахова», 37% усіх пробаў сьвежых грыбоў мелі падвышаны ўзровень забруджваньня цэзіем-137 — 370 Бк/кг (РДУ-99).

У «Беллесаахове» Свабодзе паведамілі, што ў Беларусі небясьпечна зьбіраць грыбы на тэрыторыі паўтара мільёна гектараў — з прычыны радыяцыйнай забруджанасьці.

«Грыбы, сабраныя ў зоне з утрыманьнем цэзію ад 1 да 2 кюры на квадратны кілямэтар трэба абавязкова кантраляваць. А ў зонах вышэй за 2 кюры на квадратны кілямэтар грыбы наогул лепш не зьбіраць. Такую інфармацыю можна ўзяць на сайтах лясгасаў», — сказаў карэспандэнту Свабоды дырэктар «Беллесааховы»​ Дзьмітры Малевіч.​

У Менскай вобласьці да небясьпечных адносяць Валожынскі, Бярэзінскі, Старобінскі лясгасы, а таксама часткова Лагойскі, Маладэчанскі, Барысаўскі, Крупскі і Слуцкі лясгасы. Паводле Малевіча, у Валожыне зьбіраць грыбы нельга наогул, бо там ёсьць тэрыторыі, забруджанасьць якіх перавышае 5 кюры на квадратны кілямэтар.

У Гомельскай вобласьці небясьпечна зьбіраць грыбы ва ўсіх лясгасах, за выключэньнем Кастрычніцкага і пары лясных кварталаў у Сьветлагорскім і Петрыкаўскім лясгасах (амаль на мяжы з Магілёўскай вобласьцю).

У Магілёўскай вобласьці небясьпечныя для грыбнікоў Краснапольле, Касьцюковічы і Чэрыкаў. Да іх можна дадаць Клімавічы і Быхаў, паўднёвую частку Магілёўскага раёну, Чавусы і зону да 5 кюры на квадратны кілямэтар у Бялынічах.

У Берасьцейскай вобласьці — Лунінец і Столін. Таксама невялікая тэрыторыя ў Пінску (паўднёвая частка на мяжы з Украінай).

У Гарадзенскай вобласьці — Іўе і Наваградак. Тут забароны на збор грыбоў няма, але кантраляваць іх трэба.

Чыстай для грыбнікоў лічыцца Віцебская вобласьць.

Мапа забруджваньня лясгасаў Гомельскай вобласьці цэзіем-137. Крыніца: «Беллесаахова»
Мапа забруджваньня лясгасаў Гомельскай вобласьці цэзіем-137. Крыніца: «Беллесаахова»

Чаму грыбы з зоны забруджанасьці трэба правяраць

Паводле Дзьмітрыя Малевіча, грыбы, сабраныя на забруджанай тэрыторыі (ад 1 да 5 кюры цэзію-137) трэба правяраць. Дзеля гэтага аптымальны варыянт — зьвярнуцца ў санстанцыю ці ў лясгас.

«Мы праводзілі такі экспэрымэнт: правяралі тры баравікі, сабраныя „на пятачку“ ў адным месцы, — і яны адрозьніваліся ў два разы па ўдзельнай актыўнасьці. Адзін грыб захапіў больш радыяцэзію, а другі меней. Таму трэба абавязкова кантраляваць грыбы, сабраныя ў зоне забруджанасьці. Санстанцыя давала сёлета зьвесткі па Крупскім лясфондзе, там не знайшлі ніводнага бруднага грыба. Хоць у іх 6–8 кварталаў забруджаныя. Тое ж самае па Лагойскім, хоць там ёсьць невялікая зона забруджанасьці», — кажа дырэктар «Беллесааховы».​

Чаму гаворка ідзе пра тэрыторыі, забруджаныя цэзіем, а ня згадваюцца забруджаныя стронцыем?

Па словах Дзьмітрыя Малевіча, стронцый «так далёка не заляцеў ад месца чарнобыльскай аварыі.

«Туды, дзе ён заляцеў, проста не дадуць зайсьці з прычыны кантрольна-прапускнога рэжыму. Гэта зоны вышэй за 15 кюры на квадратны кілямэтар па цэзіі. Альбо гэта Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік. Прайсьці на гэтую тэрыторыю нерэальна», — кажа спэцыяліст.

Гандаль грыбамі ў Гомлі
Гандаль грыбамі ў Гомлі

Якія грыбы назапашваюць найбольш радыянуклідаў і якія менш?

Меней за ўсё назапашваюць радыяцыі ўсе віды апенек, парасонік стракаты і дажджавік. Паводле Малевіча, нават у зонах да 5 кюры яны будуць чыстыя.

Сярэдненазапашваючымі лічацца лісічкі, баравік, падасінавік, падбярозавік. Гэтыя грыбы, сабраныя ў зоне, лепш пракантраляваць.

Моцна назапашваюць радыяцыю ўсе пласьцінчатыя віды грыбоў — сыраежкі, мачонкі, грузды і іншыя.

Да грыбоў-акумулятараў адносяць махавікі, польскі грыб, кабылку, гаркушку. І самы небясьпечны грыб, які найбольш назапашвае радыяцыі, гэта курачка (каўпак стракаты).

На тэрыторыі лясфонду Беларусі «Беллесаахова» мае больш за сорак кантрольных палігонаў па грыбах і ягадах.

Як даведацца, ці чысты лес

У Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя карэспандэнту Свабоды сказалі, што зьбіраць грыбы рэкамэндуецца на ўчастках, якія маюць забруджанасьць па цэзіі ня больш за 2 кюры на квадратны кілямэтар. Каб даведацца, ці чысты лес, грамадзянам трэба зьвяртацца ў мясцовыя лясгасы.

Прадстаўнік Цэнтру таксама паведаміў, што падчас маніторынгу ў Слаўгарадзе сёлета вялікая колькасьць грыбных проб паказвае перавышэньне забруджанасьці радыянуклідамі.

Разьмеркаваньне лясгасаў Беларусі па цяжару радыеактыўнага забруджваньня па стане на 01.01.2017. Крыніца: «Беллесаахова»
Разьмеркаваньне лясгасаў Беларусі па цяжару радыеактыўнага забруджваньня па стане на 01.01.2017. Крыніца: «Беллесаахова»

Паглядзець табліцу ў поўным памеры тут і тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG