Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Псыхалягічнае катаваньне»: Някляеў вызвалены пасьля 7 сутак арышту


Уладзімер Някляеў пасьля 7-суткавага арышту
Уладзімер Някляеў пасьля 7-суткавага арышту

Ён быў асуджаны за ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 8 верасьня пад лёзунгам «За мірную Беларусь» супраць вайсковых вучэньняў «Захад-2017».

Паплечнікі, актывісты, журналісты, якія сабраліся пад турэмнымі мурамі на завулку Акрэсьціна, сустрэлі вязьня воклічамі «Жыве Беларусь!».

Спадар Уладзімер абняў жонку Вольгу і паскардзіўся, што не далі зьявіцца перад ёй прыгожым — забаранілі пагаліцца.

«Не маглі абысьціся без падлянкі нават у апошні дзень», — пажартаваў ён.

Сказаў, што з турмы заўсёды радасна выходзіць, але агульны настрой ня вельмі добры. Паводле яго, ад сваіх рэгулярных арыштаў улады чакаюць, што калі-небудзь «выцягнуць паэта наперад у белых тапках». І дадаў: каб у адзін зь дзён кроў пайшла не носам, а ў мозг, іх мара, магчыма, і збылася б.

«Зноў пераканаўся, што мы жывём у паліцэйскай краіне, і з гэтым трэба змагацца. Заклікаю ўсіх беларусаў не сядзець па дамах, а быць сапраўднымі грамадзянамі», — сказаў па выхадзе зь вязьніцы Ўладзімер Някляеў.

Схапілі па дарозе ў клініку

Уладзімер Някляеў расказаў некаторыя падрабязнасьці свайго затрыманьня. На 9.50 раніцы 15 верасьня ў яго быў талён да лекара. Яго схапілі па дарозе ў клініку, дакладна ведаючы, куды і ў колькі ён будзе накіроўвацца.

Ён паведаміў, што судзьдзя Савецкага райсуду Фёдарава адмовілася даць яму магчымасьць далячыцца, а ўжо потым адбыць арышт.

Някляеў: спэцслужбы ўмешваюцца ў асабістае жыцьцё

Спадар Уладзімер кажа, што напярэдадні ўвечары размаўляў з калегам Міколам Статкевічам, пераказаўшы яму свае пляны. З гэтага вынікае, што іх тэлефоны праслухоўваюцца спэцслужбамі. Адпаведна, тыя ўмешваюцца ня толькі ў палітычнае, але і ў асабістае жыцьцё, кажа палітык.

У зьняволеньні Някляева найбольш абурала, што яго фактычна абяззброілі, не дазволіўшы карыстацца алоўкам.

«Прасіў да апошняга, але безвынікова. Гэта сапраўднае псыхалягічнае катаваньне», — падсумаваў Някляеў.

Таксама палітык сказаў, што яму не далі магчымасьці напісаць у пракуратуру скаргу на дрэнныя побытавыя ўмовы ў камэрах ізалятару.

«Нібыта адрамантавалі будынак, а ва ўсіх камэрах з кранаў цячэ вада. Прапаноўваў, што сам адрамантую краны, дайце толькі ключ і пакульле, але таксама адмовілі», — расказаў палітык.

Вязьні дзякавалі за акцыю супраць вучэньняў

Камэнтуючы беларуска-расейскія манэўры, Уладзімер Някляеў сказаў, што нават простыя вязьні з Акрэсьціна дзякавалі яму за мітынг пратэсту супраць вучэньняў.

«Казалі, што добра, што знайшліся людзі, якія паказалі, што не патрэбныя нам тыя манэўры», — прыгадаў палітык. Паводле Някляева, «на Беларусь ніхто ў Эўропе нападаць не зьбіраецца, і гэтае бразганьне старым жалезам патрэбна толькі, каб патрафіць Расеі».

Што да меркаванай акцыі, абвешчанай Беларускім нацыянальным кангрэсам на кастрычнік, то, паводле Някляева, усё будзе залежаць ад узроўню «крытычнай масы» ў грамдзтве. Пакуль яе не назіраецца — здаецца, дзяржаве ўдалося «замарозіць» пратэставыя настроі.

Але доўга так працягвацца ня можа, лічыць Уладзімер Някляеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG