Назваўшы Трампа «ненармальным», а яго камэнтары «найбольш лютым абвяшчэньнем вайны ў гісторыі», Кім Чэн Ын заявіў, што выступ прэзыдэнта ЗША ў ААН пацьвердзіў, што паўночнакарэйская ядзерная праграма знаходзіцца на правільным шляху, паведамляе «Голас Амэрыкі».
«Замест таго, каб запалохаць або спыніць, яго словы пераканалі мяне, што абраны мной шлях зьяўляецца адзіна верным», — сказаў Кім Чэн Ын ў заяве, распаўсюджанай афіцыйным паўночнакарэйскім інфармагенцтвам ЦТАК. Трамп «дорага заплаціць за свае словы», гаворыцца ў заяве.
КНДР пагражае вадароднай бомбай
Напярэдадні міністар замежных спраў Паўночнай Карэі Лі Ён Хо заявіў у чацьвер у Нью-Ёрку, што Пхэньян можа адказаць выбухам вадароднай бомбы над Ціхім акіянам у адказ на папярэджаньне прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
У сваёй прамове на Генасамблеі ААН у аўторак Дональд Трамп сказаў, што ў выпадку пагрозы Злучаныя Штаты «цалкам зьнішчаць» Паўночную Карэю, і назваў яе кіраўніка «ракетчыкам», які рухаецца да самагубства. Гэтыя словы сталі найбольш прамой пагрозай ужываньня ваеннай сілы ў дачыненьні да КНДР, якая правяла 3 верасьня шостае і самае буйное ядзернае выпрабаваньне.
У адказ Кім Чэн Ын паабяцаў Трампу «вынік, які перасягне ягоныя чаканьні», не ўдакладніўшы, якія менавіта захады маюцца на ўвазе.
«Я абавязкова ўтаймую гэтага ненармальнага амэрыканскага старога агнём», — заявіў лідэр КНДР.