У Верайцах, на вузлавой станцыі пад Асіповічамі, сфармаваны эшалён з расейскай тэхнікай, задзейнічанай у вучэньнях «Захад-2017». Пяць дзясяткаў транспартэраў і танкаў рознай мадыфікацыі рушылі на плятформах у бок Асіповічаў.
На гэтую ж станцыю прыганялі тэхніку, а потым яе сваім ходам перакідвалі на Асіповіцкі палігон — адзін з шасьці ў Беларусі, на якіх адбываліся манэўры. Ад Верайцоў — менш як за пяць кілямэтраў.
Нібы ў вайну: адзін стрэл — і няма хаты
Паводле мясцовых жыхароў, тэхніка, якую належыць пераправіць у Расею, з палігону прыбыла сваім ходам напярэдадні надвячоркам. Грузяць ужо больш за дванаццаць гадзін.
«У хаце вусьцішна было. Ад рову тэхнікі дом тросься. Думала, разваліцца па бервяну. Прыгадалася вайна», — казала адна з жыхарак Верайцоў.
«Я хоць і малая была, але памятаю тагачасны неспакой, — кажа яна, ківаючы на танк. — І тады, і цяпер такая страшная зброя. Колькі сілаў трэба ўкласьці, каб гаспадарку на ногі паставіць, а адзін стрэл — і няма яе. Як на тым Данбасе людзі жывуць? І ўсе пакуты праз аднаго чалавека».
Жанчына ня стала ўдакладняць, каго яна мела на ўвазе. Кончыкам хусткі выцерла сьлязу і засьпяшалася на электрычку.
Тыя, каму пашчасьціла жыць далей ад чыгункі, кажуць, што роў танкаў іх ня дужа турбаваў.
«А вось стралялі на палігоне дужа гучна. Нават зямля трэслася, — сказала адна жанчына. — Але страху таксама не было. Гэта каб па нас, во тады трэба было б ратавацца».
Нягледзячы на застаўленую тэхнікай станцыю, маладзёны яе не фатаграфавалі. Моднага сэлфі для сацыяльных сетак таксама не рабілі.
«Ага, а калі стрэляць?» — ці то жартам, ці то ўсурʼёз адрэагаваў на цікавасьць журналіста юнак зь вёскі. Яго сябры прамаўчалі і засьпяшаліся прэч.
«Хіба гэта тэхніка? Гэта труны»
Баявая тэхніка, аднак, ня ўсіх уражвала. Былыя адстаўнікі, якія езьдзяць у грыбы ў лес пад Верайцы, чакалі, што расейцы прывязуць найноўшыя танкі, і гэтага ня ўтойвалі.
«Гэты Т-70 і ў нас быў, калі я яшчэ служыў. Я разумею, што Лукашэнку новае ўзбраеньне паказвалі ў Барысаве», — азваўся падпалкоўнік у адстаўцы, пасьля таго як спраўдзіў у журналіста дакумэнты.
«Прыехалі пабачыць, што тэхніку вывозяць нашы саюзьнікі, — запытаўся ён і сам ж адказаў: — Дык вось пераканайцеся: Пуцін сваё слова трымае. А гэтыя натаўцы як на яго ўзьеліся! А самі яшчэ большыя манэўры праводзяць».
«Калі ў нас войска, дык і вучыць яго трэба, — не сунімаўся мужчына, азіраючыся па баках, — а без манэўраў вучобы ня будзе. І ня трэба страшыць нас, што расейцы застануцца. Разьбяромся».
«Хіба гэта тэхніка? Гэта труны», — рэзка адрэагаваў на пытаньне журналіста, калі дадуць адмашку на транспартаваньне эшалёну, адзін з чальцоў камісіі, якая спраўджвала, ці надзейна ўмацаваныя танкі на плятформе.
«Яшчэ толькі палову праверылі», — раздражнёна махнуў ён рукой.
«А што кепскага, каб мы засталіся?»
Расейскія вайскоўцы былі ня надта гаваркія. Не хавалі, што стаміліся.
«А яшчэ шмат працы з пагрузкай. Ды дужа пільнуюць камандзіры, каб не ленаваліся. А на вучэньнях адваяваліся на пяць балаў», — сказаў салдат, якому да дэмбэля менш за семдзесят дзён.
Некаторыя з расейскіх салдат казалі, што ў Беларусі ўжо месяц і хочуць на радзіму. Хвалілі беларускія крамы за выбар тавару.
«Нават тут: вясковая крама, а выбраць ёсьць з чаго», — заўважыў адзін.
Ці куплялі сьпіртное, ніводзін з суразмоўцаў не прызнаўся.
Многія, з кім давялося пагутарыць, убачылі ў беларусах гасьціннасьць і міралюбнасьць, таму ня супраць прыехаць яшчэ раз.
«У вас адчуваецца, што Эўропа недалёка. Цягнікі эўрапейскія курсуюць. Мне казалі, што многа беларусаў выяжджае за мяжу, хоць і да нас яшчэ шмат прыяжджае зарабляць», — сказаў кантрактнік.
Паводле яго, за час свайго побыту ў Беларусі для салдат арганізавалі паездку на лінію Сталіна. Больш забаваў не было. Сам жа ён хацеў пабачыць Брэсцкую крэпасьць.
Вайсковец сам пацікавіўся ў журналіста, што гэта за аднатыпныя «прыгожыя» катэджы ўзьведзеныя ля дарог. На тлумачэньне, што гэта аграгарадкі, толькі паціснуў плячыма.
«А што было б кепскага, каб мы тут засталіся?» — адрэагаваў суразмоўца на згадку, што нямала беларусаў непакоілася, ці пакінуць расейскія вайскоўцы Беларусь. І рушыў да плятформы, на якую падʼёмны кран выстаўляў БТР.
Адзін з вайскоўцаў панаракаў, што не пабачыў Лукашэнкі, а спадзяваўся. Свайго інтарэсу салдат не патлумачыў.
За вывазам кантролю болей, чым за ўвозам
Калі тэхніку завозілі на вучэньні, то не было відаць, каб пляцоўку зь ёю кантралявала вайсковая паліцыя. Калі ж вывозілі, то паліцыянты рэгулярна абыходзілі пэрымэтар. На вуліцу, дзе былі выстаўленыя танкі, праезд цывільнага транспарту забаранілі. На ўездах на станцыю разгарнулі радыёлякацыйныя пасты.
Паводле прадстаўніка Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімера Макарава, на Асіповіцкім палігоне ў манэўрах задзейнічаная 1-я танкавая армія Расеі. Яна ўкамплектаваная танкамі Т-72Б3, Т-80, БПМ-2, а таксама 130 найменьнямі іншай баявой тэхнікі. Армію сфармавалі ў 2016 годзе ў Заходняй вайсковай акрузе Расеі.
Усё пра вайсковыя вучэньні «Захад-2017»
Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзілі на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.
Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахапілі 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх узялі ўдзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры было акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.
Краіны — суседкі Беларусі непакоіліся, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.
Беларуская апазыцыя асьцерагалася, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні, каб распачаць анэксію Беларусі.
Міністэрства абароны Беларусі адзначала «абарончы» характар вучэньняў «Захад-2017» і абяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.