Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек, які прадухіліў ядзерную вайну. «Ня меў права расказваць нават родным», — згадвае сын


Падчас уручэньня Дрэздэнскай прэміі, якую даюць за прадухіленьне ўзброеных канфліктаў.
Падчас уручэньня Дрэздэнскай прэміі, якую даюць за прадухіленьне ўзброеных канфліктаў.

У падмаскоўным Фрызіне памёр Станіслаў Пятроў — чалавек, які прадухіліў ядзерную вайну паміж Злучанымі Штатамі і СССР у 1983 годзе.

Першыя паведамленьні пра яго сьмерць зьявіліся ў нямецкай газэце WAZ 14 верасьня са спасылкай на нямецкага блогера, даўняга знаёмага Станіслава Пятрова. У інтэрвію «Настоящему времени» сын Пятрова Дзьмітрый пацьвердзіў, што былы афіцэр-ракетчык памёр у траўні сёлета.

«Бацька памёр 19 траўня. Ён хварэў, перанёс апэрацыю, пайшлі ўскладненьні. Калі робяць апэрацыю ў такім узросьце, магчымыя нейкія наступствы. Больш паўплывала, што ён шмат паліў», — распавёў яго сын.

Дзьмітрый Пятроў падкрэсьліў, што не хацеў рабіць сьмерць бацькі публічнай, і паведаміў толькі сваякам.

«Гэта звычайная сьмерць чалавека, таму я ня стаў нікому казаць, толькі сваякам. Хто спытаў — я адказваў. А так, каб трубіць усюды „у мяне бацька памёр“ — гэта, прабачце, несурʼёзна. Тым больш ён найперш быў дарагі родным і блізкім. Спэцыяльна я ні да каго не зьвяртаўся, я сам не навязваўся, мне дапамога ні ад каго не патрэбная», — растлумачыў ён.

У ноч на 26 верасьня 1983 году Станіслаў Пятроў дзяжурыў на камандным пункце сыстэмы папярэджаньня аб ракетным нападзе. Гэтая сыстэма была адносна новай — яе паставілі на баявое дзяжурства ў сьнежні 1982 году.

Прыкладна апоўначы кампутар паведаміў, што ЗША запусьцілі балістычную ракету па СССР. Пятроў быў абавязаны паведаміць пра ядзерны ўдар кіраўніцтву і атрымаць санкцыю на запуск у адказ.

«Яны распрацоўвалі цэлы комплекс мерапрыемстваў на выпадак верагоднага нападу, а гэтая сытуацыя апынулася вельмі нестандартнай. І ён не разгубіўся», — распавёў сын ракетчыка.

Замест таго, каб паведаміць кіраўніцтву, Пятроў засумняваўся ў пэўнасьці інфармацыі сыстэмы. Яго інструктавалі, што пры сапраўднай атацы па СССР выпусьцяць больш ракет, і з розных базаў. У яго выпадку «ракета» была адна. Рашэньне ён павінен быў прыняць вельмі хутка — за 15 хвілін.

«Ён змог прыняць за вельмі кароткі тэрмін правільнае рашэньне ў нестандартнай сытуацыі. З працы ён тады выматаны прыйшоў, таму што там трое сутак разьбіраліся. Трое сутак бяз сну, прыйшоў дадому ўвесь не ў сабе. Вельмі стомлены. Потым ён яшчэ суткі ці двое адсыпаўся», — успамінае яго сын.

Пазьней высьветлілася, што кампутар прыняў за запуск ракеты сьвятло сонечных прамянёў, якія адбіваліся ад аблокаў, і выснова аб збоі сыстэмы была правільнай.

Пятроў успамінаў, што спачатку яго хацелі заахвоціць і нават абяцалі ордэн, але потым абвясьцілі вымову за незапоўнены баявой журнал. У 1984 году Пятроў сышоў у адстаўку і пасяліўся ў Фразіне.

Гэты выпадак вельмі доўга заставаўся засакрэчаным. Нават сямʼя Станіслава Пятрова нічога ня ведала.

«Гэтую сакрэтную інфармацыю, я ўжо не памятаю ўзроўню сакрэтнасьці, ён ня меў права распаўсюджваць нават родным. Бацька пра працу ніколі нікому нічога не казаў, не любіў казаць пра працу. Там вельмі складаная спэцыфіка, і тлумачыць гэта дзецям ці жонцы — навошта? Я б тады і не зразумеў, пра што ідзе гаворка », — патлумачыў Дзьмітрый Пятроў.

У 1993 годзе зьявіліся першыя публікацыі ў газэтах. І толькі праз шмат гадоў Станіслаў Пятроў пагадзіўся зьняцца ў дакумэнтальным фільме «Чалавек, які выратаваў сьвет». «На здымкі яго вельмі доўга ўгаворвалі», — дадае Зьміцер.

У 2006 годзе ў штаб-кватэры ААН Станіславу Пятрову ўручылі статуэтку з надпісам «Чалавеку, які прадухіліў ядзерную вайну». У 2013 годзе ён стаў ляўрэатам Дрэздэнскай прэміі, якую даюць за прадухіленьне ўзброеных канфліктаў.

«Ён не лічыў гэты ўчынак геройскім, ён проста пісьменна зрабіў сваю працу. Мяне, вядома, ^[калі я пра гэта даведаўся^] жах ахапіў ад таго, што магло адбыцца. Якая яшчэ можа быць рэакцыя, калі ў той момант сьвет на валаску вісеў літаральна?» — тлумачыць Зьміцер, якому ў 1983 годзе было 13 гадоў.

Апошнія гады Станіслаў Пятроў шмат хварэў, перанёс апэрацыі на абодва вока. У лістападзе 2016 году яго шпіталізавалі — прычым класьціся ў бальніцу ён доўга адмаўляўся.

«Бацька не любіў лекараў, увесь час імкнуўся лячыцца самастойна. Вось ён і зацягнуў, не хацеў проста. Калі яго выпісалі зь лякарні, я яго цэлы месяц даглядаў, ён быў наогул не ў сабе. Потым ён неяк аднавіўся. Ён шмат курыў, мала рухаўся », — распавёў Зьміцер.

Сын паведаміў аб сьмерці адстаўнога афіцэра толькі ваенкамату — там абяцалі паставіць помнік на магілу. Гарадзкія ўлады дагэтуль пра гэта ня ведаюць, мяркуе ён, і сам у адміністрацыю тэлефанаваць не плянуе.

«У Фразіна гэта мала каго цікавіць. Ну зрабіў і зрабіў, ведаеце, як людзі да гэтага ставяцца?» Зрабіў, і хрэн зь ім «- растлумачыў ён. — Нехта паважае, камусьці да лямпачкі. Некаторыя лічаць, што ён наогул не заслужыў ніякіх узнагародаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG