І толькі беларускаму вытворцу ў асобе МАЗу ў гэтай статыстыцы месца адводзіцца ўсё меней.
Лідэрам, як і ў папярэднія месяцы, застаецца расейскі вытворца КамАЗ, на долю якога прыпадае траціна ад агульнага аб’ёму грузавікоў — 34%. У колькасным выражэньні гэта больш за 2,5 тысячы штук.
На другім месцы іншы расейскі брэнд — ГАЗ, агулам 691 аўтамабіль (рост 1,8%).
Замыкае першую тройку нямецкі MAN — 610 адзінак пры росьце адразу ў 3,7 раза.
У пяцёрку лідэраў жніўня таксама трапілі нямецкі Mercedes-Benz (561 аўтамабіль, рост 162%) і швэдзкая Scania (527 аўто, рост 180%).
Экспэрты адзначаюць, што ў першай дзясятцы ўсе вытворцы дэманструюць станоўчую дынаміку — DAF, Volvo, Scania, Mercedes, MAN. Самы значны скачок зьдзейсьніў DAF, рост ажно 400%.
На гэтым фоне месяц пры месяцы працягвае страчваць пазыцыі Менскі аўтазавод, які ў лепшыя часы стабільна ўваходзіў у тройку самых папулярных марак, запатрабаваных на расейскім рынку.
Паводле жнівеньскіх дадзеных, МАЗ прадаў у Расею 349 машын і ў імправізаваным рэйтынгу займае 8-е месца. Такім чынам, ад пачатку году доля беларускай аўтатэхнікі зьменшылася з 6,5 да 5%. Для параўнаньня, два гады таму МАЗ прадаваў у Расею амаль удвая больш грузавікоў, а доля беларускага вытворцы на тамтэйшым рынку складала 7%.
У мадэльнай структуры жнівеньскага рэйтынгу лідэр — усё той жа КамАЗ. Ягоныя мадыфікацыі 5490 і 43118 занялі чатыры пазыцыі ў першай пяцёрцы, з канкурэнтаў у яе ўдалося праціснуцца толькі «Мэрсэдэс Актрас». Ніводная мадэль МАЗу ў дзясятку рэйтынгу ня трапіла.