Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжысэр «Матыльды»: Дзяржава не ўлічыла «стыхію праваслаўных актывістаў»


Аляксей Учыцель
Аляксей Учыцель

Навіны вакол фільма «Матыльда» падобныя на франтавыя зводкі: бутэлькі з запальнай сумесьсю, кінутыя ў офіс студыі рэжысэра, падпалы машын каля сьценаў яго адвакацкай канторы ў Маскве, таран кіроўцам УАЗа дзьвярэй кінатэатру «Космас» у Екацярынбургу, пагрозы «Хрысьціянскай дзяржавы», марш—малебен праваслаўных актывістаў у Санкт-Пецярбурну з плякатамі супраць выхаду фільма на вялікі экран і, нарэшце, шматмесячная барацьба дэпутаткі Натальлі Паклонскай з самім рэжысёрам і яго карцінай. Рэжысэр «Матыльды» Аляксей Учыцель сказаў Муміну Шакіраву, карэспандэнту расейскай службы нашага радыё, што баіцца за жыцьцё сваіх блізкіх і калегаў.

РС: Хочацца спытаць, што вы цяпер самі, як аўтар праекту «Матыльда», кантралюеце? Або ўвесь скандальны працэс вакол фільму ўжо па-за вашай воляй і вы нічога ня можаце зрабіць?

усе абвінавачаньні зыходзяць ад людзей, якія ня бачылі фільму

Аляксей Учыцель: Сапраўды, нейкі рубеж пройдзены. Адзначу тры стадыі ўсёй гэтай вар’яцкай кампаніі. Паўтаруся ў тысячны раз: гаворка ідзе пра тое, што ўсе крыкі, усе абвінавачаньні зыходзяць ад людзей, якія ня бачылі фільму. І нават галоўная фігура гэтага працэсу, дэпутатка Паклонская, пры ўсіх маіх закліках гаварыць тое ж самае, але паглядзеўшы, каб не ператвараць гэта ў абсурд — усё гэта скончылася няўдачай. Яна адмовілася глядзець, сказаўшы, што ёй гэта ня трэба.

РС: Але вы самі трымаеце інтрыгу. Вы ня робіце ніякіх праглядаў, быў толькі адзін паказ ва Ўладзівастоку. У Маскве паказ у кінатэатры «Ілюзіён» быў па тэхнічных прычынах адменены.

усе апанэнты на чале з Паклонскай яшчэ больш ўзбудзіліся

Аляксей Учыцель: Я не ствараю інтрыгу. Па-першае, асобныя паказы былі, і для пэўных чыноўнікаў, для таго каб выдавалі пракатнае пасьведчаньне. Але, вядома, гэта маленькі лік народу. Але ўсё роўна, паўтараю: тыя менавіта, хто выступае супраць, яны фільму ня бачылі. Вось гэта — першая стадыя, і яна мне здавалася абсурднай, я да яе ставіўся з іроніяй. Другая стадыя — гэта калі нам выдалі пракатнае пасьведчаньне і дзяржава сказала: у гэтай карціне няма нічога супрацьзаконнага, якое абражае, і яна можа быць паказана па ўсёй краіне без абмежаваньняў. Гэта другая стадыя, і яна чамусьці замест таго, каб супакоіцца, сказаць, ну, тады ўсё, давайце глядзець, а потым абмяркоўваць — усе апанэнты на чале з Паклонскай раптам, наадварот, яшчэ больш ўзбудзіліся, і з майго пункту гледжаньня як быццам пайшлі супраць дзяржавы.

РС: Ня толькі Паклонская. Спадар Мамут, уладальнік сеткі кінатэатраў, адмовіўся пракатваць вашу карціну, і гэта сур’ёзны ўдар!

пачалі запалохваць гледачоў

Аляксей Учыцель: Гэта трэцяя стадыя, пра якую я хацеў сказаць. Вось другая стадыя — гэта так званыя праваслаўныя актывісты, пачаліся гэтыя падпалы і практычныя такія… ня ведаю, вельмі цесна зьвязаныя з тэрактамі рэчы. Вось гэта, вядома, страшна. Пачалі запалохваць гледачоў. Запалохваць гледачоў для таго, каб яны не пайшлі. І гэта сьвядомая такая тактыка, якая працягваецца да цяперашняга часу. І прытым, што быў асобны паказ для найбуйнейшых кінасетак, якія вельмі добра ўспрынялі карціну і зьбіраліся яе вельмі шырока пракатваць, у тым ліку гэтыя дзьве сеткі, і раптам вось заява Аляксандра Мамута…

РС: Гэта ўдар моцны па вам.

Аляксей Учыцель: Гэта ўдар, і, як я называю, удар у сьпіну.

РС: Вы зьвярнуліся публічна па дапамогу да прэзыдэнта Расеі, да сьпікера парлямэнту Валодзіна, сустракаліся з прадстаўніком Рускай Праваслаўнай Царквы спадаром Легойдам. Засталося толькі зьвярнуцца да Госпада Бога! Ўсе інстанцыі пройдзены, а супрацьстаяньне нарастае. Чаму?

рэзка трэба, прабачце, кагосьці пакараць

Аляксей Учыцель: Няма вось гэтага прыпынку. Рэзка трэба, прабачце, кагосьці пакараць і паказаць, што, калі нехта гэта будзе рабіць, пераступаючы рысу законнасьці, гэтага ня будзе. Вось пакуль такога кроку, відавочнага, ня зроблена.

РС: У вас няма адказу на пытаньне, чаму ўлада ўсё ж такі не спыняе тое, што дзеецца вакол гэтага фільму?

Аляксей Учыцель: Яшчэ раз кажу, урад робіць, як мне здаецца, разумныя крокі — міністар культуры заяўляе, многія прадстаўнікі вышэйшай улады афіцыйна прэсе кажуць свае словы. Гэта робіцца. Паўтараю, я не абараняю ўладу, але гэта робіцца. Але голас розуму, як звычайна адбываецца, калі кажуць: «Хлопцы, спыніцеся, спыніце гэтае бязладзьдзе!» — гэтага няма. Мяне зьдзівіла, што вось калі выступіў з рэзкай заявай міністар культуры, там было выразна сказана з нагоды спадарыні Паклонскай, сьпікер парлямэнту выступіў у яе абарону.

парадокс у тым, што мяне падтрымлівае дзяржава

Парадокс заключаецца ў тым, што мяне падтрымлівае дзяржава ва ўсіх пачынаньнях, а ня кажа: ты што там нарабіў такое? Мне здаецца, ёсьць толькі адна асаблівасьць: вось гэтыя сілы так званых праваслаўных актывістаў, Паклонская і яшчэ пару чалавек дэпутатаў, якіх невялікая колькасьць, якія гэта падтрымліваюць — гэта тая стыхія, якую, можа быць, у свой час дзяржава не ўлічыла, што гэта можа быць так. А зараз трэба дзейнічаць, таму што гэта адбылося. І «Матыльда» — гэта зачэпка. Бо давайце паглядзім, супраць чаго выступаюць усе гэтыя людзі, і дарэчы, некаторыя прадстаўнікі царквы, хоць афіцыйна зроблена заява, што РПЦ ня супраць пракату фільму. Тэзіс толькі адзін: гэта сьвяты, а пра сьвятога нічога здымаць і казаць, што ён мог закахацца, нельга. Вось гэта, калі зусім спрасьціць, у гэтым уся справа… Гэта працэс, на які, мне здаецца, зрэагавалі трошкі позна…

Цалкам чытаць інтэрвію тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG