Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загад быць беларусам


Міхась Скобла
Міхась Скобла

На нядаўніх Днях беларускага пісьменства ў Полацку мне шматкроць даводзілася чуць імя былога кіраўніка гораду Ўладзімера Тачылы. Пры ім цэнтральны праспэкт імя Карла Маркса стаў праспэктам Францішка Скарыны. Пры ім у горадзе зьявіліся некалькі знакавых беларускіх помнікаў. Пры ім месьцічы на плошчах засьпявалі гімн Полацку, словы для якога напісаў ва ўсе часы непрыўладны паэт Алесь Аркуш. А яшчэ, успаміналі дасьведчаныя людзі, проста ў кабінэце мэра была неблагая бібліятэка, ён чытаў ня толькі службовыя дакумэнты, а на ягоным працоўным стале заўсёды ляжалі «Таямніцы полацкай гісторыі» Ўладзімера Арлова.

І мне падумалася — вось добрыя кнігі чытаў чалавек і добрыя справы рабіў, за што і застаўся ва ўдзячнай памяці землякоў.

Cпрабавалі прыгадаць, каб які высокапастаўлены чыноўнік публічна прызнаўся, што прачытаў нейкую беларускую кнігу, што яна яго ўразіла, і ўрэшце мусілі канстатаваць — падобныя выпадкі нам невядомыя.

А потым мы зь сябрамі, стоячы ля помніка Скарыну, спрабавалі прыгадаць выпадкі, каб які-небудзь высокапастаўлены чыноўнік публічна прызнаўся, што прачытаў нейкую беларускую кнігу, што яна яго ўразіла, захапіла і г.д. Прыгадвалі мы доўга і ўрэшце мусілі канстатаваць — падобныя выпадкі нам невядомыя.

Помніцца, у нобэлеўскія дні Сьвятланы Алексіевіч кіраўнік краіны прызнаўся, што кніг яе не чытаў, але праглядзеў — па дыяганалі. Што ж, ён чалавек заняты: фэрмы, надоі, адкормы, ураджаі, калярадзкія жукі, расьсельгаснагляд, усім па пяцьсот... Не да кніг.

І таму калі ў сталічнай кнігарні «Веды», што за два крокі ад Купалаўскага тэатру, мне сустрэўся віцэ-прэм’ер ураду, я міжволі павярнуў назад ад выхаду. Мне стала цікава — няўжо ён зайшоў сюды як чытач? Віцэ-прэм’ер без усякага суправаджэньня прайшоўся па доўгай, як стадола, кнігарні і зайшоў у беларускі аддзел, разьмешчаны звыклым чынам для «Белкнігі» — у закутку. Не пасьпеў чыноўнік там агледзецца, як да яго падбегла дырэктарка кнігарні з паўтузінам прадавачак, перагарадзіўшы вузкі праход між стэляжамі. Адступаць мне не было куды, і я зрабіў выгляд, што зачытаўся новай кнігай.

Віцэ-прэм’ер пацікавіўся найперш чамусьці слоўнікамі. Рознымі. Іх яму і прынесьлі цэлы абярэмак — тлумачальны, артаграфічны, беларуска-ангельскі, беларуска-расейскі, нават беларуска-азэрбайджанскі... «А кітайскі слоўнік у вас ёсьць?» — нечакана па-беларуску запытаўся віцэ-прэм’ер. Такога ў кнігарні не было, замест яго дырэктарка падсунула віцэ-прэм’еру шыкоўна выдадзеную кнігу з герогліфамі на вокладцы. Але высокага чыноўніка старажытная кітайская паэзія ў перакладах Мятліцкага чамусьці не зацікавіла.

«А кніг па гісторыі Беларусі на замежных мовах у вас таксама няма?» — пасуровеў віцэ-прэм’ерскі голас. Загадчыца беларускага аддзелу радасна шчабятнула «ёсьць» і дастала зь ніжняй паліцы (проста з-пад ног) кнігу Алеся Краўцэвіча «Гедзімін (1316–1341): каралеўства Літвы і Русі» — з паралельным тэкстам па-ангельску. Віцэ-прэм’ер пагартаў старонкі, пахваліў мастацкае аздабленьне кнігі і, параіўшы трымаць такія кнігі навідавоку, відавочна палагаднелы пакінуў кнігарню.

Вызвалены зь вязьніцы між стэлажамі, я прайшоў у дальні букіністычны аддзел, а калі вяртаўся, «Гедзімін...» глядзеў на мяне з усіх ганаровых паліц («кнігі-ляўрэаты» і пад.), нават са стэнду кніжных навінак, хоць выйшаў ужо даўнавата. Парада чыноўніка была ўспрынятая як загад.

Ня ведаю, чаму палагаднеў віцэ-прэм’ер. Як на добры розум, пасьля візыту ў кнігарню ён мусіў бы склікаць тэрміновую нараду, каб абмеркаваць катастрафічнае становішча ў айчынным кнігавыданьні на экспарт. Бо нават той разьлічаны на пакупніка-іншаземца адзіны (!) «Гедзімін...» — праект цалкам прыватны. Як выглядае, дзяржаве падобныя выданьні папросту нецікавыя. Дык навошта тады па кнігарнях з рэвізіямі хадзіць?

У падобных выпадках мне заўжды прыгадваюцца словы Янкі Брыля: «Каб беларусу загадалі быць беларусам, які гэта быў бы выдатны беларус».

Зрэшты, хай бы хадзілі. Бо і кнігарні ў нас, праўдападобна, на ручным кіраваньні, безь якога вартая беларуская кніга і на вітрыну ня трапіць. У падобных выпадках мне заўжды прыгадваюцца словы Янкі Брыля, сказаныя ў сьветлай памяці «Вольнай студыі»: «Каб беларусу загадалі быць беларусам, які гэта быў бы выдатны беларус».

Запатрабаванасьць у загадным ладзе ў сёньняшняй Беларусі відавочная. Вазьміце любую сфэру жыцьця — сельскую гаспадарку, машынабудаваньне ці той жа дзяржаўны гандаль.

І загады зьверху — калі пэрыядычна, калі хаатычна — паступаюць. Самыя розныя. Не прычакаем мы толькі аднаго, сфармуляванага Брылём.

Загаду быць беларусам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG