Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыбаўскайце патлумачыла кіраўніку ААН, у чым пагроза беларуска-расейскіх вучэньняў


 Даля Грыбаўскайце
Даля Грыбаўскайце

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце паведаміла Генэральнаму сакратару ААН Антоніу Гутэрышу аб пагрозах сусьветнай супольнасьці, выкліканых «вучэньнямі агрэсіўнага характару» «Захад-2017», якія праходзяць у Беларусі і Расеі. Іх сустрэча адбылася 18 верасьня падчас Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку, паведамляе прэс-служба прэзыдэнта Літвы.

Як адзначаецца ў паведамленьні, Грыбаўскайце — «адзіная прадстаўніца краін, што сутыкаюцца з пагрозай вучэньняў „Захад“, якая атрымала магчымасьць прадставіць сытуацыю непасрэдна кіраўніку ААН» падчас Генасамблеі арганізацыі ў Нью-Ёрку.

Паводле Грыбаускайце, аб агрэсіўным і наступальным характары вучэньняў «Захад-2017» сьведчаць мадэляваньне рэальнага канфлікту з краінамі-членамі NATO, утойваньне дадзеных пра маштаб і сцэнары вучэньняў, дыслякацыю вайскоўцаў і тактычнага ўзбраеньня, неканвэнцыйныя дзеяньні.

«Сканцэнтраваныя ў Калінінградзкай вобласьці ядзерная зброя, артылерыя і ракеты здольныя дасягнуць нават Лісабона, — адзначаецца ў паведамленьні. — Сьвет павінен атрымаць урокі з таго, што адбылося з Крымам, Прыднястроўем, Паўднёвай Асеціяй і Абхазіяй, i не глядзець скрозь пальцы на агрэсіўныя дзеяньні».

Кіраўнік Літвы таксама паведаміла пра гатоўнасьць Літвы да стрымліваньня пагроз, пра сілы саюзнікаў па NATO ў рэгіёне, а таксама абмеркавала магчымы ўнёсак міжнароднай супольнасьці ў забеспячэньне міру на кантынэнце.

18 верасьня ў Літве пачаліся тыднёвыя вучэньні баявой групы сілаў перадавога базаваньня NATO ў Літве.

Усё пра вучэньні «Захад-2017»

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

Краіны-суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG