Грыбу 19 гадоў. Яго затрымалі пры канцы жніўня. Расейскія сілавікі падазраюць яго ў тэрарызьме. Напярэдадні Паўла Грыба перавялі са шпіталя назад у сьледчы ізалятар. Адвакат Андрэй Сабінін паведаміў, што ў шпіталі спэцыяльная камісія разглядала пытаньне аб магчымасьці знаходжаньня ўкраінца ў СІЗА. Рашэньне камісіі будзе вядома на пачатку наступнага тыдня.
Раней МЗС Украіны выказаў пратэст расейскаму боку ў сувязі з затрыманьнем блогера і запатрабаваў яго вяртаньня на радзіму. Кіеў заклікаў Маскву дапусьціць да Грыба консулаў Украіны, а таксама даць вычарпальную інфармацыю адносна месца, прычын і абставінаў яго затрыманьня.
24 жніўня Павел Грыб выехаў з Украіны ў беларускі Гомель на сустрэчу зь дзяўчынай з Сочы, зь якой да гэтага меў зносіны толькі ў сацыяльных сетках. Пры канцы жніўня яго бацька паведаміў, што супрацоўнікі ФСБ Расеі выманілі блогера ў Беларусь пад выглядам сустрэчы з дзяўчынай і там затрымалі. 7 верасьня стала вядома, што зьніклы блогер знаходзіцца ў Краснадарскім СІЗА.