Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі пракамэнтавала пазбаўленьне Ганны Бахціной адвакацкай ліцэнзіі


Ганна Бахціна
Ганна Бахціна

Міністэрства юстыцыі паведаміла, што, апроч Ганны Бахціной, адвакацкай ліцэнзіі з 27 верасьня будзе пазбаўлены А. Літвін. Яны ня могуць працягваць працу з прычыны «недастатковай кваліфікацыі».

Таксама будзе спынена ліцэнзія адвакатаў І. Яновіч і М. Наўмовіч «у сувязі з выяўленымі грубымі парушэньнямі заканадаўства аб ліцэнзаваньні, ліцэнзійных патрабаваньняў і ўмоваў».

12 верасьня кваліфікацыйная камісія правяла атэстацыю 19 адвакатаў Менскай гарадзкой калегіі. Па яе выніках вырашана, што 13 адвакатаў адпавядаюць патрабаваньням заканадаўства. Яшчэ чацьвёра атрымалі адтэрміноўку на паўгоду «пры ўмове выкананьня рэкамэндацыяў кваліфікацыйнай камісіі, у тым ліку аб праходжаньні адвакатам павышэньня кваліфікацыі».

Міністэрства юстыцыі паведамляе, што правяло плянавыя праверкі дзейнасьці Магілёўскай абласной і Менскай гарадзкой калегіяў адвакатаў наконт «выкананьня ліцэнзійных патрабаваньняў і ўмоваў ажыцьцяўленьня адвакацкай дзейнасьці».

Сярод парушэньняў заканадаўства міністэрства называе «злоўжываньне адвакатам сваім правам на запыт інфармацыі, што ўтрымлівае пэрсанальныя дадзеныя грамадзянаў; аказаньне юрыдычнай дапамогі без заключэньня дамоваў на аказаньне юрыдычнай дапамогі».

Беларускія праваабарончыя арганізацыі запатрабавалі спыніць умяшаньне дзяржаўных органаў у дзейнасьць адвакатуры.

Яны патрабуюць скасаваць рашэньне пазбавіць ліцэнзіі адвакатку Ганну Бахціну. Адмысловую заяву падпісалі 11 праваабарончых арганізацыяў, сярод якіх Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў ды іншыя.

Пазбаўленьне ліцэнзіяў у дачыненьні да адвакатаў, якія ўдзельнічалі ў працэсах з палітычным адценьнем, практыкавалася ў Беларусі і раней. Так, у 2011 годзе ў выніку нечарговай пераатэстацыі страцілі ліцэнзіі абаронцы зьняволеных кандыдатаў у прэзыдэнты і ўдзельнікаў акцыяў пратэсту Алег Агееў, Тацяна Агеева, Уладзімер Тоўсьцік, Тамара Гараева, Павал Сапелка, Тамара Сідарэнка ды іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG