Неадкладна спыніць перасьлед незалежных адвакатаў запатрабавала Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Тэкст адпаведнай заявы зьмешчаны на пляцоўцы change.org.
Як удакладніў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, нагодай стала пазбаўленьне ліцэнзіі аднаго з апошніх рэальна незалежных адвакатаў Беларусі — Ганны Бахціной. На яго перакананьне, гэты выпадак не павінен застацца па-за ўвагай як беларускай грамадзкасьці, так і міжнароднай супольнасьці:
«Тое, што Міністэрства юстыцыі ўціхую пазбавіла ліцэнзіі аднаго з самых прафэсійных адвакатаў са стажам працы амаль 40 гадоў, выклікае абурэньне і пачуцьцё агіды да чыноўнікаў ведамства, — сказаў палітык. — Насуперак усім дэклярацыям, што ў Беларусі нібыта ёсьць нейкія паляпшэньні ў выкананьні правоў чалавека, удары рэжыму накіраваныя на кожнага сумленнага чалавека ў Беларусі. Зьнішчаюцца прафсаюзы, зьнішчаецца адвакатура».
Беларуская хрысьціянская дэмакратыя разам з калегамі па правацэнтрысцкай кааліцыі мае прыкласьці максымальныя намаганьні, каб адстаяць адвакацкую ліцэнзію і спыніць перасьлед Ганны Бахціной. І ў якасьці першага кроку грамадзкай супольнасьці прапануецца падпісаць анлайн-пэтыцыю.
«Мы будзем зьвяртацца ў Міністэрства юстыцыі, да праваабарончых арганізацый, міжнародных арганізацый. Беларусам трэба навучыцца бараніць адно аднаго, інакш чыноўнікі без сумленьня зьнішчаць кожнага паасобку, пазбавяць магчымасьці жыць і працаваць», — сказаў Віталь Рымашэўскі.