«Насамрэч я быў толькі на мітынгу на Кастрычніцкай плошчы, а да плошчы Якуба Коласа не дайшоў — разбалелася нага, якую параніў, калі адбываў апошні арышт на Акрэсьціна. Але, відаць, ім у міліцыі ўсё роўна, абы прыцягнуць да адказнасьці», — сказаў Леанід Кулакоў.
8 верасьня прадстаўнікі апазыцыі адзначылі ў Менску Дзень беларускай вайсковай славы. З нагоды гэтага сьвята былі праведзеныя мітынг на Кастрычніцкай плошчы і шэсьце да плошчы Якуба Коласа, дзе актывісты прынялі «прысягу беларускага партызана». Удзельнікі акцыі выказалі пратэст супроць беларуска-расейскіх манэўраў «Захад-2017», якія, на іх думку, уцягваюць Беларусь у супрацьстаяньне Расеі з краінамі Эўразьвязу.
Мітынг на Кастрычніцкай плошчы і шэсьце па праспэкце Незалежнасьці 8 верасьня прайшлі пад лёзунгам «Рускі салдат, ідзі дамоў». Міліцыя ўдзельнікам акцыі не замінала. Паводле назіральнікаў, у мітынгу і шэсьці бралі ўдзел каля 300 чалавек. Адзін з арганізатараў акцыі, былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч на пытаньне, ці атрымліваў ён позву ў міліцыю, адказаў, што даўно не заглядвае ў паштовую скрыню.