Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяняем угнаеньні на крабаў і лекі. Як і чым Беларусь гандлюе зь Індыяй (інфаграфіка)


11 верасьня Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візытам у Індыю. Гэта ўжо трэцяя падобная паездка. Першая адбылася ў далёкім 1997 годзе, другая — у 2007-м. Такім чынам, сёлета традыцыя езьдзіць у Індыю роўна раз на дзесяць гадоў працягнулася.

«Надышоў час, калі мы павінны ўжо размаўляць мовай канкрэтных кантрактаў, а ня проста кірункаў разьвіцьця эканомік. Кірункі мы вызначылі, філязофію нашых стасункаў мы вызначылі. Цяпер трэба пераходзіць на канкрэтыку, а яна ў кантрактах, інвэстыцыях», — сказаў 12 верасьня Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы зь віцэ-прэзыдэнтам Індыі Вэнкаягам Найду.

Павялічваць таваразварот і «размаўляць мовай канкрэтных кантрактаў» Беларусь і Індыя зьбіраюцца не ўпершыню. Пасьля свайго другога візыту ў Дэлі кіраўнік Беларусі выказваў намер павялічыць узаемны таваразварот у 2010 годзе да 500 мільёнаў даляраў. Атрымалася толькі да 480. Прыкладна на такім жа ўзроўні гадавы таваразварот застаецца і цяпер. А ў 2013 годзе ён нават зьніжаўся да 350 мільёнаў даляраў.

Чым Беларусь гандлюе зь Індыяй? Трактарамі, камбайнамі і грузавымі аўтамабілямі? Зусім не. Беларускі экспарт у Індыю амаль цалкам складаецца з угнаеньняў — 300 з 330 мільёнаў даляраў у 2015 годзе. Акрамя гэтага, крыху прадуктаў хімічнай вытворчасьці і шкураў «буйной рагатай жывёлы». Вось і ўвесь экспарт. У суседнюю і зусім невялічкую ў параўнаньні зь Індыяй Літву Беларусь прадае тавараў на ўтрая большую суму (960 мільёнаў супраць 317, пры гэтым у Літве жыве 3 мільёны чалавек, а ў Індыі — 1,2 мільярда).

Аб’ёмы імпарту з Індыі ў некалькі разоў меншыя за экспарт. Беларусь купляе ў гэтай краіне ў асноўным лекі і сыравіну для іх вытворчасьці — на 40 мільёнаў даляраў у 2015 годзе. Таксама ў Індыі набываюць каву, гарбату, рыбу і крабаў. У 2015 годзе былі яшчэ і пастаўкі газатурбінных рухавікоў на 1 мільён даляраў.

З 2009 году аб’ём беларускага экспарту ў Індыю зьнізіўся на 171 мільён даляраў, а вось аб’ём імпарту за той жа пэрыяд крыху вырас — на 12 мільёнаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG