Сустаршыня «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Павал Севярынец атрымаў адказ на зварот у Сьледчы камітэт наконт праслухоўваньня ягоных размоваў зь лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам і выкарыстаньня атрыманага запісу на тэлеканале «Беларусь-1».
Начальнік Першамайскага РУУС Менску Андрэй Парашчук адказаў Севярынцу: паводле тлумачэньняў Белтэлерадыёкампаніі, запіс размовы быў прадастаўлены «ананімнай крыніцай», а супрацоўнікі «Беларусь-1» ня ставілі перад сабой мэты сказіць інфармацыю ці парушыць чыесьці правы, не раскрывалі асабістых зьвестак і, такім чынам, не парушалі закону «Аб СМІ»; прыкметаў злачынства няма.
«Радыеактыўны попел» на БТ. Разбор у 8 пунктах
Хто праслухоўваў Севярынца і Дашкевіча і ці было гэта законна, не ўдакладняецца. У Беларусі проста так праслухоўваць чужыя размовы дэ-юрэ незаконна, але фактычна спэцслужбы могуць законна праслухоўваць любога: санкцыя пракурора не абавязковая, трэба толькі, каб КДБ ці СК атрымалі дазвол на праслухоўваньне ад сваіх начальнікаў.
Севярынец жа па-ранейшаму лічыць, што праслухоўваньне было незаконным, і кажа, што яму «сорамна за людзей у пагонах»:
«Калі ж усё законна, давайце разам, усёй краінай паслухаем, пра што там Лукашэнка з [старшынём КДБ] Вакульчыкам праз тэлефон гавораць», — абураецца Севярынец.