Шэсьць дэпутатаў літоўскага парлямэнту, якія прадстаўляюць розныя фракцыі, не атрымалі ў амбасадзе Беларусі ў Вільні візы на ўезд у Беларусь.
Яны зьбіраліся ўдзельнічаць у круглым стале «Рэгіянальная бясьпека і вучэньні «Захад-2017», які пройдзе 11 верасьня ў Менску.
Арганізатар дыскусіі — Абʼяднаная грамадзянская партыя. Яна ж разаслала запрашэньні. Сярод запрошаных і былая міністарка нацыянальнай абароны Літвы, а цяпер намесьніца старшыні камітэту па бясьпецы Сэйму Раса Юкнявічэне.
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька так пракамэнтаваў сытуацыю Свабодзе:
«Аказалася, што шэсьць дэпутатаў сталі такой вялікай пагрозай для беларуска-расейскай 13-тысячнай групоўкі, што прынялі рашэньне, зразумела, на палітычным роўні, не пускаць іх у Беларусь.
Ім адмовілі ў візах. Прычым цягнулі з адказам да самага апошняга. Спачатку абяцалі даць адказ да 12-й гадзіны сёньня, пасьля да 15-й. Адмовілі ўсім, хоць там ёсьць і прадстаўнікі сацыял-дэмакратаў, зялёных. А ня толькі кансэрватараў.
Я ў гэтым бачу, па-першае, намер сарваць дыскусію па вельмі актуальнай тэме. Па-другое, гэта спроба ўладаў кантраляваць усе дыялёгавыя пляцоўкі, якія ёсьць у Беларусі. Яны хочуць, каб дыскусіі праводзілі і запрашалі на іх толькі тыя, хто атрымаў такое права ад уладаў. Гэта тупіковы шлях».
Усё роўна дэпутаты будуць удзельнічаць у дыскусіі
«Нашы літоўскія калегі будуць удзельнічаць у дыскусіі. Яны застануцца ў Вільні, але будуць працаваць з намі ў рэжыме відэаканфэрэнцыі. Няхай не ў фармаце „вочы ў вочы“, але тэхнічныя магчымасьці дазволяць ім ня выпасьці з канфэрэнцыі».
Абвастрэньне будзе ня толькі па лініі Менск — Вільня
«На гэты скандал ня будуць закрываць вочы ні ў Брусэлі, ні ў Бэрліне, ні яшчэ недзе. Бо гэта перакрэсьліваньне таго, што да гэтага так ці інакш рабіла Міністэрства замежных спраў. Гэта выклік дыялёгу, які распачаўся і пра які так шмат апошнім часам гаворыцца».
Парлямэнтарам не патрэбны экстрым
«Хтосьці кажа, што можна было сесьці на самалёт Вільня — Менск і ляцець бязь візы на 5 дзён, як звычайным людзям. Але ж гэта парлямэнтары, а не дзяўчаткі і хлопчыкі, якім патрэбны экстрым. Яны кажуць так: калі цябе не запрашаюць празь дзьверы, дык навошта лезьці праз вокны?! Усе шасьцёра будуць інфармаваць пра гэта міжнародныя арганізацыі, у якія ўваходзяць, сваё Міністэрства замежных спраў, мэдыі. Розгалас пра гэта будзе вельмі вялікі. Усё ж не далі візы двум былым міністрам — абароны і замежных спраў».
На час круглага стала замежных дыпляматаў запрасілі на брыфінг у МЗС
«Наш круглы стол праходзіць у панядзелак. Мы запрасілі на яго і шэраг замежных дыпляматаў. А яны нам паведамілі, што іх на гэты ж час запрасілі на брыфінг у МЗС, хоць звычайна там брыфінгі для замежнікаў праводзяць у аўторкі. Гэта яшчэ адзін доказ таго, што ўлады хочуць заглушыць голас нашай дыскусійнай пляцоўкі. Але насамрэч атрымліваецца, што яны як бы паставілі дынамікі і на поўную моц уключылі гук».
З Польшчы і Ўкраіны чакаем па адным дэпутаце
«Асноўны дэсант плянавалі зь Літвы. З Польшчы і Ўкраіны павінны быць па адным дэпутаце. Спадзяюся, што ім не перашкодзяць. Мэта мерапрыемства ў любым выпадку застаецца тая самая — даць як мага больш інфармацыі пра вучэньні «Захад-2017» і абмяняцца думкамі аб праблемах рэгіянальнай бясьпекі».