Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль атакаваў уначы вайсковы абʼект у Сырыі


Сырыйскія вайскоўцы заявілі, што ізраільскія самалёты ноччу 7 верасьня атакавалі адзін з абʼектаў на захадзе Сырыі. Паводле іх, некалькі ракетаў, выпушчаных з паветранай прасторы Лібана, упалі непадалёк ад гораду Масʼяф. У выніку атакі загінулі два чалавекі, нанесеныя значныя матэрыяльныя страты.

Сырыйская армія папярэдзіла пра «небясьпечныя наступствы гэтага агрэсіўнага ўзьдзеяньня для бясьпекі і стабільнасьці ў рэгіёне».

Ізраіль, які раней учыніў некалькі паветраных нападаў у Сырыі, не пракамэнтаваў гэтыя паведамленьні.

Горад Масʼяф разьмешчаны прыкладна за 60 кілямэтраў на ўсход ад міжземнаморскага сырыйскага гораду Тартус, дзе Расея ўтрымлівае вайскова-марскую базу.

Назіральная арганізацыя «Сырыйская абсэрваторыя правоў чалавека», якая базуецца ў Вялікай Брытаніі, заявіла, што ўдар трапіў у абʼект Сырыйскага навукова-дасьледчага цэнтру. Таксама ў гэтым паведамленьні гаворыцца, што вайсковае сховішча недалёка ад абʼекту сырыйская ўлада выкарыстоўвала для захоўваньня ракет клясы «зямля-зямля».

Злучаныя Штаты абвінавачваюць Сырыйскі навукова-дасьледчы цэнтар у распрацоўцы хімічнай зброі, якая, як паведамляецца, выкарыстоўвалася ў красавіку падчас нападу на горад Хан-Шэйхун.

6 верасьня сьледчыя ААН заявілі, што прыйшлі да высновы: сырыйскі ўрад нясе адказнасьць за напад на Хан-Шэйхун з ужываньнем газу зарыну. Ахвярамі гэтай атакі сталі прынамсі 83 чалавекі.

Дамаск адмаўляе наяўнасьць у сваім арсэнале або ўжываньне хімічнай зброі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG