Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перадайце Лукашэнку: Ганчар не прадаецца». 12 фактаў пра зьніклага палітыка, якому сёньня было б 60


Віктар Ганчар
Віктар Ганчар

7 верасьня вядомаму палітыку, дэпутату Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьняў, былому віцэ-прэмʼеру, экс-старшыні ЦВК споўнілася б 60 гадоў. 16 верасьня 1999 году ён бясьсьледна зьнік разам зь сябрам, бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім.

Свабода з дапамогай паплечнікаў, сяброў сабрала 12 фактаў пра Віктара Ганчара.

Паходзіў зь вёскі

1. Нарадзіўся ў пасёлку Радзішчава Слуцкага раёну. З чырвоным дыплёмам скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, з адзнакай — асьпірантуру. У асьпірантуры і пазнаёміўся з жонкай Зінаідай, па спэцыяльнасьці біёлягам. У 1986 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Ўнутрыгаспадарчы разьлік у прамысловасьці (Прававая арганізацыя)». Да абраньня дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня выкладаў у Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце. І прыхільнікі, і праціўнікі высока цанілі ягоную адукаванасьць, кампэтэнтнасьць, харызматычнасьць, аратарскія здольнасьці.

Кажуць, што ў якасьці ўзору Ганчар выкарыстоўваў вобраз ленінградзкага прафэсара-юрыста, дэпутата Анатоля Сабчака, і Ганчаровы прыхільніцы-пэнсіянэркі, паглядзеўшы па тэлевізары трансьляцыю паседжаньня Вярхоўнага Савету, казалі: «Наш Віця Сабчак!»

Сябраваў з Аляксандрам Лукашэнкам

2. На пачатку сваёй палітычнай карʼеры даволі блізка сябраваў з Аляксандрам Лукашэнкам, той нярэдка гасьцяваў у маці Ганчара Валянціны ў пасёлку Першамайскім, а таксама часьцяком наведваўся і ў кватэру Віктара і Зінаіды Ганчароў. Маці Віктара Ганчара, спадарыня Валянціна, потым узгадвала: «Вось тут сядзеў Аляксандар, называў мяне мамай, гладзіў па руцэ і казаў: «Я Віктара ніколі ня кіну». Пасьля зьнікненьня сына ў 1999 годзе маці зьвярталася да Лукашэнкі: «Узгадайце маю дабрыню, прастату і гасьціннасьць у адносінах да Вас. Дапамажыце вярнуць мне сына!»

Будаваў «Горад сонца»

3. Разам з Генадзем Карпенкам спрабаваў ператварыць Маладэчна ў «горад сонца». На пачатку 1990-х дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Генадзь Карпенка стаў мэрам Маладэчна, Віктар Ганчар — ягоным намесьнікам. Яны перайменавалі большасьць вуліц, якія насілі савецкія назвы. Пры іх насупраць помніка Леніну ў 1993 годзе ўзьвялі помнік беларусам, якія сталі ахвярамі розных рэжымаў — тут зьявіўся валун з надпісам «Пакутнікам за волю й незалежнасьць Беларусі».

Спрыяў прыходу Лукашэнкі да ўлады

4. Дзякуючы найперш Віктару Ганчару і Дзьмітрыю Булахаву ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ніжнюю плянку ўзросту для прэтэндэнта на прэзыдэнцкі пост зьнізілі з 40 да 35 гадоў. (Аляксандру Лукашэнку ў 1994-м не хапала да 40 пару месяцаў, а парлямэнцкая фракцыя «Беларусь», якая мела большасьць у парлямэнце, «прасоўвала» свайго кандыдата — тагачаснага прэмʼера Вячаслава Кебіча). Дэпутат Віктар Ганчар з трыбуны Вярхоўнага Савету запытаўся: «Каго маўляў, баіцеся — Лукашэнкі?» І дэпутаты прагаласавалі за тое, што прэтэндаваць на прэзыдэнцтва можна з 35 гадоў.

Ня быў задаволены атачэньнем Лукашэнкі

5. Насуперак агульнапрынятай думцы, што падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году Ганчар быў у камандзе Лукашэнкі, сам ён гэта адмаўляў. Як сьведчыць Аляксандар Фядута, «Ганчар проста „здаў імя напракат“, даў магчымасьць Лукашэнку эксплюатаваць сваё вядомае імя». Віктар Ганчар ніколі ня быў задаволены атачэньнем Лукашэнкі.

Працаваў віцэ-прэмʼерам

6. У верасьні 1994 году пагадзіўся заняць пасаду віцэ-прэмʼера ўраду па гуманітарных пытаньнях, але вельмі хутка зразумеў, што насамрэч усё ў краіне вырашае адна асоба. Як чалавек адказны і патрабавальны, працалюбны, доўга на такой намінальнай пасадзе ён не пратрымаўся: пасьля таго як прэзыдэнт не прыняў яго адразу, бо заняты быў зь Ціцянковым прымеркай гарнітура, — падаў у адстаўку. Адстаўка была імгненна прынятая. Сышоў на даволі спакойную і «хлебную» пасаду — старшыні Эканамічнага суду СНД.

Абстралялі машыну

7. 14 чэрвеня 1995 году каля дома Віктара Ганчара абстралялі ягоную машыну, у якой былі калегі-супрацоўнікі — памочнік дэпутата Кацярына Антонік і начальнік аддзелу Эканамічнага суду СНД Яўген Лычоў. На заднім сядзеньні, дзе звычайна езьдзіў Ганчар, у той час сядзела Кацярына Антонік — яе параніла. Стралялі супрацоўнікі міліцыі, якія, паводле афіцыйнай вэрсіі, падумалі, што ў машыне могуць знаходзіцца злачынцы. Аўтамабіль, зь якога стралялі, належаў Службе бясьпекі прэзыдэнта.

Выступаў супраць рэфэрэндуму 1996 году

Публікацыя ў газэце «БДГ» пра рэфэрэндум 1996 года. На фота - Віктар Ганчар, саршыня ЦВК
Публікацыя ў газэце «БДГ» пра рэфэрэндум 1996 года. На фота - Віктар Ганчар, саршыня ЦВК

8. У 1996 годзе Віктар Ганчар узначаліў Цэнтральную выбарчую камісію і быў апантаным праціўнікам рэфэрэндуму, навязанага краіне Аляксандрам Лукашэнкам з мэтай узурпацыі ўлады. І ўжо на першай прэсавай канфэрэнцыі пасьля прызначэньня заявіў, што не падпіша вынікі рэфэрэндуму, бо Канстытуцыйны Суд прызнаў яго не адпаведным Канстытуцыі. 14 лістапада 1996 году Лукашэнка даў каманду тагачаснаму начальніку Службы бясьпекі прэзыдэнта Ўладзімеру Навумаву і былому калегу Ганчара па дэпутацкім корпусе палкоўніку Міхаілу Цесаўцу адхіліць Віктара Іосіфавіча ад пасады і больш не пускаць у памяшканьне ЦВК. АМАП фактычна захапіў памяшканьне ЦВК, якая тады месьцілася на вуліцы Кастрычніцкай, 5. Туды не пусьцілі нават тагачаснага старшыню Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Сямёна Шарэцкага — фактычна другая асоба дзяржавы вымушана была выступаць перад журналістамі ў фае:

«У краіне пачаўся захоп улады неканстытуцыйным шляхам. Каля ЦВК выстаўлена ахова невядома якімі людзьмі. Вось для чаго створана служба аховы прэзыдэнта — для захопу ўлады», — заявіў Шарэцкі.

Быў ініцыятарам імпічмэнту Лукашэнкі

9. Віктар Ганчар адным зь першых паставіў свой подпіс за імпічмэнт прэзыдэнта. Імпічмэнт быў правалены — частка дэпутатаў пад ціскам і пагрозамі адклікалі свае подпісы пад зваротам у Канстытуцыйны Суд. Адразу ж пасьля рэфэрэндуму дэпутаты Вярхоўнага Савету 13 скліканьня арганізавалі сьледчую камісію па вывучэньні парушэньняў прэзыдэнтам Канстытуцыі. Кіраўніком камісіі стаў Ганчар. Былі прааналізаваныя практычна ўсе ўказы, якія разглядаліся Канстытуцыйным судом, яны былі прызнаныя незаконнымі. Што да лістападаўскага рэфэрэндуму, камісія зрабіла заключэньне, што ён таксама ня можа быць прызнаны законным, а гэта азначае, што адбыўся захоп дзяржаўнай улады Аляксандрам Лукашэнкам. З гэтай заявай Ганчар выступіў публічна з парлямэнцкай трыбуны. Заяву ён разаслаў ва ўсе дзяржаўныя органы Беларусі, дыпляматычныя прадстаўніцтвы, міжнародныя структуры. За гэта на Ганчара пракуратура завяла крымінальную справу паводле артыкула 128 — паклёп. Справа да суду не дайшла.

Менск напярэдадні рэфэрэндуму. Публікацыя газэты «БДГ»
Менск напярэдадні рэфэрэндуму. Публікацыя газэты «БДГ»

Правёў альтэрнатыўныя выбары прэзыдэнта

10. Увосень 1998 году Ганчар ачоліў альтэрнатыўны Цэнтравыбаркам па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, адноўлены Вярхоўным Саветам 13 скліканьня. У краіне зьявілася два ЦВК. Калі Ганчар пачаў кампанію па арганізацыі альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў з удзелам Зянона Пазьняка, Міхаіла Чыгіра (Генадзь Карпенка адразу ад такой прапановы адмовіўся), да яго прыехалі пасланцы ад улады з чамаданчыкам-дыпляматам. У дыплямаце — 300 тысяч даляраў, з простай умовай-прапановай: ён сыходзіць з палітыкі. Пра гэты эпізод Свабодзе паведаміў Анатоль Лябедзька. На гэта Віктар Ганчар адказаў: «Вы сурʼёзна думаеце, што гэта мая цана? Перадайце Лукашэнку, што Ганчар не прадаецца. Ганчар робіць тое, у што верыць».

Трымаў сухую галадоўку

11. 25 лютага 1999 году ў кавярні «Калізэй» адбылося паседжаньне альтэрнатыўнага ЦВК, пасьля якога Ганчара затрымалі. 1 сакавіка за зачыненымі дзьвярыма, таемна, у пастарунку судзьдзя Валянціна Зянькевіч асудзіла яго на 10 сутак арышту. Віктар Ганчар адразу ж абвясьціў сухую галадоўку. І ў пастарунку, і ў ізалятары часовага ўтрыманьня яго катавалі, жорстка зьбівалі. На шосты дзень галадоўкі турэмны лекар Мікуліч паспрабаваў гвалтоўна Ганчара пакарміць — не атрымалася. Тады паспрабаваў увесьці раствор глюкозы. Віктар Ганчар не паддаўся. Адседзеў тэрмін цалкам. Каб паплечнікі не сустрэлі каля СІЗА, у дзень вызваленьня Віктара доўга вазілі па горадзе і выкінулі ў сумёт.

Бясьсьледна зьнік

12. Віктар Ганчар рыхтаваў на 19 верасьня 1999 году пашыранае паседжаньне Вярхоўнага Савету 13 скліканьня з удзелам лідэраў апазыцыйных партый, прафсаюзаў, на якім плянаваў выступіць з дакладам і прапанаваць мэханізм вываду Беларусі з эканамічнага і палітычнага крызісу. Не пасьпеў — 16 верасьня прыкладна а 23-й гадзіне на выхадзе з лазьні, што на вуліцы Фабрычнай, 20 быў гвалтоўна выкрадзены разам зь бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім. На месцы выкраданьня на асфальце былі сьляды крыві, сьляды тармажэньня аўтамабіля, аскепкі разьбітага шкла. Грамадзкасьць, сваякі зьніклых, міжнародная супольнасьць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя з палітычных матываў, і падазраюць, што да іх выкраданьня маюць дачыненьне вышэйшыя службовыя асобы краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG