Амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Менску Фіёна Гіб заклікала беларускія ўлады расьсьледаваць палітычныя зьнікненьні.
Яна разьмясьціла ў сацсетках свой відэазварот з нагоды Міжнароднага дня ахвяраў гвалтоўных зьнікненьняў, які адзначаецца ААН 30 жніўня.
Паводле амбасадаркі, Беларусь — адна з тых краін, дзе, на думку ААН, былі выпадкі гвалтоўных зьнікненьняў.
«У прыватнасьці, гаворка ідзе пра зьнікненьні чатырох палітычных актывістаў у 1999 і 2000 годзе: Анатоля Красоўскага, Дзьмітрыя Завадзкага, Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі. Гэтыя справы застаюцца нераскрытымі дагэтуль. Іхныя сем’і ня знойдуць спакою, пакуль пра іх лёс ня стане вядома, а вінаватыя ня будуць пакараныя», — сказала Фіёна Гіб.
Яна заклікала ўрад Беларусі супрацоўнічаць з Працоўнай групай ААН па гвалтоўных ці нядобраахвотных зьнікненьнях для вырашэньня гэтай сытуацыі, якая доўжыцца ўжо працяглы час і нэгатыўна адбіваецца на міжнароднай рэпутацыі Беларусі.