Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Люцыян Таполя і Максім Танк


Альжбета Кеда (Ала Петрушкевіч)
Альжбета Кеда (Ала Петрушкевіч)

Альжбета Кеда

Верасень багаты на імёны: Зоська Верас, Натальля Арсеньнева, Ніна Мацяш… І Максім Танк, з дня нараджэньня якога ў сёлетнім верасьні спаўняецца 105 гадоў. Думаючы пра паэта, згадваю ягонага Люцыяна Таполю.

мастацкая сублімацыя абгрунтаваных прэтэнзіяў творцаў клясычнай літаратуры на прароцтва

Арфічныя вобразы трывала ўвайшлі ў беларускую літаратуру нашаніўскай пары. Гэтая старонка айчыннага пісьменства найбольш дасканала дасьледавана незабыўным Уладзімерам Конанам, які між іншага зазначыў: «Архетыпы чароўнага музыкі і эвангельскага Лазара беднага ў абліччы песьняра, гусьляра, дудара, званара, урэшце, сацыяльнага бунтара, які склікае народ на Вялікі Сход, — гэта мастацкая сублімацыя абгрунтаваных прэтэнзіяў творцаў клясычнай літаратуры на прароцтва, духоўнае і грамадзкае лідэрства, тварэньне віртуальнага сьвету ва ўмовах нерэалізаваных ідэалаў адраджэньня беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці. Найбольш поўна гэта традыцыя выявілася ў паэзіі Янкі Купалы, Якуба Коласа, у творчасьці іх пасьлядоўнікаў». А між пасьлядоўнікаў нашаніўскіх клясыкаў, якія стваралі арфічныя вобразы, найперш вылучаецца творчасьць Максіма Танка.

Люцыян Таполя, відавочна, самы значны з усіх вобразаў мастакоў, створаных паэтам. Невыпадкова, калі Анатоль Сыс пісаў верш «Маналёг тутэйшага», ахвяруючы яго Максіму Танку, то асацыяцыі ўзьніклі менавіта з гэтым вобразам. Творца паўстае тут у іпастасі свайго героя:

Люцыян, уяві, ты адзін,
ты застаўся адзін на славяншчыне,
і нікога няма, паглядзі,
і нікога з Купалавай спадчыны…

да гэтага вобразу Максім Танк ішоў паступова

Бо і сапраўды, як адзначыў дасьледчык беларускай паэмы Мікола Арочка, «у вобраз Люцыяна Таполі, народнага майстра, паэт укладваў шмат чаго ад уласнай самасьвядомасьці і бунтоўнасьці натуры». Да гэтага вобразу Максім Танк ішоў паступова, праз нарастаньне драматызму, праз арыентацыю «на ўнутраны роздум… „Люцыян Таполя“ зьявіўся іменна такім творам, які на шырокай пляцоўцы гістарычнага, умоўна ўведзенага ў задуму матэрыялу адкрываў магчымасьці загаварыць пра мужнасьць мастака».

Іван Шамякін, Кандрат Крапіва, Максім Танк, Пімен Панчанка, Міхась Лынькоў
Іван Шамякін, Кандрат Крапіва, Максім Танк, Пімен Панчанка, Міхась Лынькоў

Знаёмячы з героем, аўтар падкрэсьлівае веліч ягонага таленту, далучанасьць да духоўнага жыцьця людзей, якое ў многім і фармавалася пад уплывам мастацкай творчасьці. Люцыяна недарэмна называюць Багаробам, бо галоўны ягоны занятак — стварэньне і аздабленьне храмаў:

Гэта быў адзін з майстроў вялікіх,
Звалі яго Люцыян Таполя,
А па клічцы проста Багароб.

паўставалі небажыхары падобнымі «да сялян смаргонскіх, да вілейскіх лесарубаў, рыбакоў»

Ён тварыў на зямлі падобнае боскаму, але набліжаў нябеснае да зямнога, бачачы найвялікшую прыгажосьць менавіта ў людзе тутэйшым, які стварае скарбы, багацьце гэтага краю, які творыць тут красу, што нагадвае райскую. Таму і паўставалі небажыхары падобнымі «да сялян смаргонскіх, да вілейскіх лесарубаў, рыбакоў». Па вобразу і падабенству да красы несьмяротнай паўстае выява дзяўчыны Тэклі, каханай Люцыяна, якой ён прасьпяваў сваю Песьню песьняў.

У паэме Максіма Танка падкрэсьліваецца асэнсаванае імкненьне героя стварыць вартае, што перажыве час. У мары Люцыяна Таполі выказана мара самога творцы. Слушна напісаў пра гэта М. Арочка: «Неспакойная дума не пакідала ні паэта, ні яго героя — стварыць „сказ“ пра запаветнае, споўніць сваё эстэтычнае прызначэньне, выяўляючы рэальны стан рэчаў»:

Дума неспакойная жыла ў майстра:
Ён хацеў пакінуць пакаленьням
Сьлед жыцьця свайго,
Сваіх пакут,
Сказ пра мары,
Пра свае імкненьні…

Талент мастака знаходзіць водгук, бо ён пазначаны незвычайнай сілай узьдзеяньня на людзкія душы, на ўсё жывое і нежывое. Таму і адбываюцца гіпэрбалізавана-неверагодныя, фантастычныя пераўтварэньні, мастак становіцца сапраўдным чараўніком. Так, пад рукамі Люцыяна Таполі

Бы ад нейкіх чараў,
Ажывала нават нежывое,
Немагчымае рабілася магчымым:
Гнуўся камень,
А з звычайнай цэглы,
Быццам з бронзы,
Паўставалі здані…

сілы зла ўвасабляе біскуп Сямашка

У паэме герою-творцу, носьбіту высокага, нябеснага супрацьпастаўлены вобраз тырана, што імкнецца выкарыстаць талент мастака, падпарадкаваць яго сваёй волі, а няскоранага зьнішчыць. Сілы зла ўвасабляе біскуп Сямашка. Чаму менавіта гэты вобраз, які мае прататыпам гістарычную асобу? Безумоўна, паэт добра ведаў пра яго «заслугі», пра антынародны і антыбеларускі (калі ўжыць паняцьці сёньняшняга часу) характар ягонай дзейнасьці. Гэта адступнік ад сваёй веры, які быў пракляты нават уласнаю сям’ёй. У сувязі з задумай РПЦ кананізаваць мітрапаліта Сямашку часам узьнікаюць дыскусіі. Немажліва не пагадзіцца з аўтарам аднаго артыкула (С. Абламейка, «Палац за акном у восень», «Дзеяслоў», 2012, № 3), які доказна даводзіць, што гэтая асоба непасрэдна спрычынілася да зьнішчэньня нашай царквы, самастойнай беларускай мітраполіі, якая існавала больш за 500 гадоў. Яшчэ М. Арочка ў сваёй літаратуразнаўчай працы, пішучы пра прататып героя, нагадаў: гэта быў той Сямашка, «што паліў у Жыровіцах старадрукі, кнігі». І ня толькі кнігі, але і «тысячамі паліў і старыя беларускія праваслаўныя і ўніяцкія абразы», творы нашых люцыянаў таполяў. Максім Танк падкрэсьлівае, што ягоны герой — «адзін з майстроў вялікіх», адзін з многіх, што тварылі народную культуру. Выснова, якую робіць С. Абламейка, стасуецца з вобразам, створаным паэтам: «З пункту гледжаньня сьвядомага беларуса (без розьніцы веравызнаньняў) мітрапаліт Ёсіф Сямашка мае ацэньвацца адназначна: гэта быў зьнішчальнік самастойнасьці беларускай мітраполіі, а таксама магільшчык беларускай мовы і культуры».

Апісваючы агляд біскупам сьвятыні, ягоную нянавісьць да мастака, абурэньне, гнеў, выкліканы творам-цудам, якія цешылі людзкія душы, аўтар ставіць рытарычныя пытаньні: «Што сьвяты айцец благое ўбачыў, Што ўзьняло яго гнеў непамерны?«Адказ зразумелы: гэта былі творы народнага мастака, творы, узгадаваныя гэтай зямлёй, гэтай культурай, гэтай царквой. А Сямашка паставіў за мэту зьнішчыць усё гэта. Таму Максім Танк і адлюстраваў біскупа Сямашку тыранам, які загадвае майстру:

Самаму Таполю зьнішчыць твор свой
I, пад страхам пекла і пракляцьця,
Цэлых дзесяць год адбыць пакуты
I ня брацца за сваё майстэрства.

Такое пакараньне для мастака горшае за сьмерць. Але творца меў сілу перажыць і гэта, каб вярнуцца праз доўгія дзесяць гадоў і зноў зьдзіўляць зямлю і неба сваім майстэрствам.

Люцыян Таполя паступіў не зусім у адпаведнасьці з хрысьціянскімі канонамі

Магчыма, Люцыян Таполя паступіў не зусім у адпаведнасьці з хрысьціянскімі канонамі, не дараваўшы ворагу ягоны грэх, выкарыстаўшы свой талент дзеля помсты. Але гэты ўчынак нельга параўнаць з зладзействамі біскупа Сямашкі. Учынак творцы невытлумачальны толькі «паводле прынцыпу: помста жыцьця — помста мастака, як у народных казках. Назло саноўнаму артадоксу Люцыян Таполя дазволіў сабе поўную свабоду творчасьці» (Уладзімер Калесьнік).

храм, у цэнтры якога пякельны карагод пачвараў

Пакараны ня столькі «саноўны артадокс», тыран, а носьбіт зла, служка д’ябла. Карае яго ня проста чалавек, а той, каго паслала Неба як свайго пасланьніка, што павінен даносіць люду вышэйшую красу і праўду. Асобы, падобныя Сямашку, — гэта праўдзівыя пякельныя пачвары. Такім чынам, мастак ня проста карае за ўчыненую яму крыўду, а выконвае волю Неба. У кульмінацыі паэмы паўстае ўзьведзены Люцыянам Таполем храм, у цэнтры якога пякельны карагод пачвараў, між якімі пазнавальны і сам біскуп. Самае страшнае для ворагаў чалавецтва — гэта жывая вечная душа і думка, што нараджаецца ў людзкой сьвядомасьці. Таму ўдзельнікі гэтага пякельнага карагоду

…паўзуць угору
Па душу, па думку чалавека,
Што, як сонца, сьлепіць вочы ім.
Толькі не спыніць палёту думы
I век розуму не пагасіць ім —
Чорным сілам пекла.

Сьвятыня, збудаваная Люцыянам Таполем, — гэта лебядзіная песьня мастака. Песьня велічы, праўды і нязгоды. Бо творца ня стаў на шлях змовы з ворагам людзкасьці.

Адначасна гэта і дасканалы помнік паэту Максіму Танку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG