Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускамоўны трэнэр па тайскім боксе адчыніў новую залю адзінаборстваў


Трэнэр Юры Булат і ягоны выхаванец Зьміцер Варац
Трэнэр Юры Булат і ягоны выхаванец Зьміцер Варац

«Адчыняем дзьверы ў новую залю адзінаборстваў Bulat Gym!», — падзяліўся навіной у сацсетках неаднаразовы пераможца ўсясьветных і кантынэнтальных першынстваў, пасьпяховы трэнэр Юры Булат.

«Тайскі бокс, кікбоксінг, К-1. Трэніруюць лідэры зборнай, чэмпіёны сьвету і Эўропы. Заля зручна разьмешчана за 20 мэтраў ад станцыі мэтро „Інстытут культуры“. Працуем разам з трэнажорнай заляй — адпаведна, ёсьць магчымасьць „падмацавацца“ жалезам», — запрашае ён аматараў адзінаборстваў.

Юры Булат -- пераможца чэмпіянатаў сьвету і Эўропы сярод аматараў і прафэсіяналаў. Пасьля завяршэньня кар'еры спартоўца заняўся трэнэрскай дзейнасьцю, уваходзіць у штаб нацыянальнай зборнай. Заснавальнік клюбу Bulat Gym.

На травеньскім чэмпіянаце сьвету па тайскім боксе ў Менску ягоны выхаванец, гарадзенец Зьміцер Варац, падняўся на верхнюю прыступку п’едэсталу.

Юры Булат ў жыцьці актыўна карыстаецца беларускай мовай, па-беларуску вядзе запісы ў Фэйсбуку. У інтэрвію Свабодзе так патлумачыў вытокі сваёй беларускасьці:

«У мяне была выдатная настаўніца ў школе — Кароль Варвара Якаўлеўна, яна прывіла вучням вось гэтую любоў да беларускасьці. Тое, што я ўвесь час зь лёгкай узьнёсласьцю бег на ўрокі беларускай літаратуры і мовы, — толькі дзякуючы гэтаму чалавеку. Ну, і плюс яшчэ ў мяне ўсе бабулі і дзядулі — зрэшты, таксама як мама і тата — настаўнікі, кожны ў сваёй сфэры.

Па бацькавай лініі бабуля і дзядуля былі настаўнікамі матэматыкі, выкладалі на беларускай мове ў вёсцы. Калі ў нас (бяз жалю нельга казаць) яшчэ хоць у вёсках былі беларускамоўныя школы, а цяпер нават у вёсках ужо беларусаў рэдка сустрэць можна. Я кожныя канікулы прыяжджаў да іх, з захапленьнем слухаў, як яны размаўляюць на роднай мове. Гэта Слуцкі раён, вёскі Варкавічы, Сярагі. Дарэчы, паўстаньне Кастуся Каліноўскага пачыналася якраз з тых мясьцінаў. Таму вось яны — мае настаўнікі: мае бабулі, дзядулі, мая выкладчыца са школы...», -- расказаў Юры Булат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG