Паказальна, што справа была распачатая без ініцыятывы ўдзельнікаў канфлікту: супрацоўнікі Першамайскага РАУС мусілі адрэагаваць на грамадзкі рэзананс, які выклікала публікацыя ў інтэрнэце. Нагадаем, відэазапіс з камэры назіраньня выклаў у публічны доступ аптэкар
Максім Самсонаў.
На відэазапісе відаць, што ў аптэку зайшла жанчына з сабакам. На заўвагу пра тое, што знаходзіцца з жывёламі тут забаронена, спадарыня адрэагавала брыдкай лаянкай, назваўшы «бруднай сьмярдзючай жывёлінай» хлопца-аптэкара. Гэта была далёка не адзіная абраза з тых, што давялося пачуць Максіму Самсонаву і ягонаму калегу.
Нягледзячы на абразы наведніцы, супрацоўнікі аптэкі паводзілі сябе спакойна, і пасьля таго, як яна ўрэшце вывела з памяшканьня свайго сабаку, не адмовіліся яе абслугоўваць. У міліцыю з заявай пра абразы і хуліганскія паводзіны Максім Самсонаў зьвяртацца не плянаваў. Адно што выклаў відэаролік у сацыяльныя сеткі — з тым, каб паказаць, якія выпадкі здараюцца на працы.
Вялікі рэзананс у інтэрнэце
У інтэрнэце здарэньне адразу набыло грамадзкі рэзананс. Жыхары Віцебску вельмі хутка «вылічылі» наведніцу аптэкі, паведамілі яе імя і прозьвішча — Марына Паяркава, а таксама месца працы — абутковая кампанія «Марка».
Паміж інтэрнэт-камэнтатарамі разгарэліся спрэчкі, ці патрэбная забарона на прысутнасьць жывёлаў у аптэках і крамах, але галоўным чынам абмяркоўвалі паводзіны спадарыні. Дарэчы, аптэкары папярэджвалі яе, што вядзецца відэазапіс, але жанчына адказвала ў тым самым грубым тоне.
Пазьней журналістам яна тлумачыла, што была ўзнэрваваная, бо яе «муж апёк ногі бэтонам», і яна «пайшла ў аптэку па лекі, каб заадно выгуляць сабаку». Прасіць прабачэньня яна не лічыла патрэбным і асьцерагалася, што яе «пасьля гэтага яшчэ больш зьняславяць у інтэрнэце».
Міліцыя адрэагавала
Урэшце на грамадзкі рэзананс адрэагавала міліцыя. Пра падзеі, зафіксаваныя на відэа, апыталі ўдзельнікаў канфлікту, і цяпер жанчыну чакае суд за абразу (артыкул 9.3 КаАП прадугледжвае пакараньне ў выглядзе штрафу памерам да 20 базавых велічынь) і за хуліганства (артыкул 17.1 КоАП таксама прадугледжвае штраф, але памерам ужо да 30 базавых велічынь, або адміністрацыйны арышт).