Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве прэзэнтавалі альбом пра горад «застою і перабудовы». Параўнайце фота 1980-х і 2017-га


Вокладка фотаальбому
Вокладка фотаальбому

У Магілёве выдалі сыгнальны нумар настальгічнага фотаальбому пра горад «застою і перабудовы». На больш чым 200 фатаздымках зафіксаваны Магілёў на зломе эпохаў і глябальных пераменаў.

Сваю працу калектыў аўтараў назваў «Горад, які быў». Укладальнікі чорна-белымі фоткамі спрабуюць перанесьці цяперашняга жыхара ў горад 1980-х гадоў.

На прэзэнтацыі фотаальбому нямала выступоўцаў параўноўвалі выгляд тагачаснага Магілёва з горадам, у якім толькі скончылася вайна. Адзначалі ягоную шэрасьць і непрывабнасьць.

У памяці фатографа і ідэйнага натхняльніка выданьня альбому Аляксандра Ліціна Магілёў 1980-х гадоў застаўся горадам, які застыў у чаканьні пераменаў. Пра тое, якім быў і якім стаў Магілёў, фатамайстар расказаў у інтэрвію Свабодзе.

Аляксандар Ліцін
Аляксандар Ліцін

Фотаальбом вяртае горад, які быў

«1980-я гады — гэта пэрыяд, калі ў горадзе ўсё, што можна было, пабурылі. Практычна на дзесяцігодзьдзе ён, можна сказаць, застыў. Гэта быў ня толькі пэрыяд застою ў эканоміцы і палітычным жыцьці, але застою ў разьвіцьці гарадзкой архітэктуры і ляндшафту. Зразумела, па фатаздымках не адчуваецца, што набліжаецца развал Савецкага Саюзу і што неўзабаве паўстане незалежная Беларусь. Мала хто з нас у той час задумваўся пра гэта. Але атмасфэра застою на фатаздымках адчуваецца, — адказваў фатамайстар на пытаньне пра ўнікальнасьць выданьня. — Такім мы горад адфатаграфавалі і забыліся пра яго. Потым пачаліся глябальныя перамены і горад імкліва пачаў мяняцца, як і ўсё наша жыцьцё. За гэтымі зьменамі многія забылі, якім горад быў. Каб вярнуць памяць пра той, наш горад, мы і паспрабавалі зрабіць альбом. То бок гэты альбом пра вяртаньне памяці. Яго будзе цікава пагартаць моладзі і тым, хто доўга ня жыў у Магілёве. Шмат для каго горад будзе непазнавальным».

Чорна-белая фатаграфія як факт гарадзкой гісторыі

«Паколькі я фатограф, для мяне дужа важна было вярнуцца ў чорна-белую фатаграфію», — казаў пра яшчэ адну цікавінку альбому суразмоўца.

Фатаздымак з альбому: Так выглядаў касьцёл у сярэдзіне 1980-х гадоў (фота справа)
Фатаздымак з альбому: Так выглядаў касьцёл у сярэдзіне 1980-х гадоў (фота справа)
Касьцёл праз 35 гадоў у колеры. (фота не з альбому)
Касьцёл праз 35 гадоў у колеры. (фота не з альбому)

«Пэрыяд застою гораду супаў з апошнім пэрыядам чорна-белай стужачнай фатаграфіі. У 1990 гады пачала разьвівацца каляровая фатаграфія. Да нас прыйшлі фоталябараторыі, безь цяжкасьці можна было купіць імпартную каляровую стужку. За ёй насьпеў час разьвіцьця лічбавай тэхналёгіі, і ўсе сталі адначасова фатографамі. Цяпер мала хто здымае на стужку. Таму наш альбом — гэта і вяртаньне ў чорна-белую фатаграфію, і асэнсаваньне яе як факту гісторыі ды нашай біяграфіі».

Магілёўская эстэтыка 1980-х гадоў

«Эстэтыка Магілёва 1980-х гадоў — гэта гранжавая эстэтыка, і яна мне была сымпатычная. Я дужа любіў хадзіць магілёўскімі вулачкамі, і гэта было цікавым заняткам. Я нібы трапляў у страшную казку,і слова „казка“ было вызначальным, — адказваў фатамайстар на пытаньне пра эстэтычныя асаблівасьці гораду мінулага. — Цяпер мне сумна прагульвацца па, здаецца, прыгожаму, адбудаванаму, адрэстаўраванаму, адтынкаванаму Магілёву. У цяперашнім горадзе значна цяжэй знайсьці аб’ект для здымкаў».

«Тады мы не адчувалі, што жывём у горадзе, які нібы пасьля вайны, — казаў далей суразмоўца. — Каб гэта адчуць, яго трэба было зь нечым параўнаць. Мы бачылі толькі горшае. Лепшага было няшмат. Так, мы выяжджалі ў Піцер і Маскву, але гэтыя гарады лічыліся сталічнымі. А наш горад — гэта была правінцыя, таму ягоны занядбаны выгляд успрымаўся нармальна».

Фатаздымак з альбому аднаго з дамоў у цэнтры гораду
Фатаздымак з альбому аднаго з дамоў у цэнтры гораду
Той жа будынак цяпер у колеры
Той жа будынак цяпер у колеры

«Цяпер я бываю за мяжой, і ў той жа Вільні я бачу цудоўна адрэстаўраваныя старыя дамы, і побач стаяць будынкі, да якіх пакуль не дайшоў рамонт. Яны выглядаюць абшарпанымі, але іхная гранжавасьць фотагенічная. Мяне гэта зусім не бянтэжыць. У Любліне, у параўнаньні нават з Магілёвам, гранжавы стыль пераважае. З Магілёва зрабілі нібы і цукерку, але яна застаецца нежывой», — падсумаваў фатамайстар.

Над альбомам працавалі пятнаццаць аўтараў. У сваіх тэкстах, якія дапаўняюць фатаздымкі, яны выклалі сваё ўспрыманьне гораду недалёкай мінуўшчыны. Сродкі на выданьне фотаальбому накладам 300 асобнікаў укладальнікі плянуюць сабраць талакою.

Фатаздымак з альбому. Плошча зорак у 1980 гадах
Фатаздымак з альбому. Плошча зорак у 1980 гадах
Цяперашні выгляд плошчы ў колеры
Цяперашні выгляд плошчы ў колеры
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG