Працэс пачаўся
10.30 пачалося судовае паседжаньне. Крымінальную справу разьбірае судзьдзя Чыгуначнага раённага суду Віцебска Юры Урбан. Вольга Сьцяпанава знаходзіцца за кратамі. У зале яе сваякі, журналісты.
Суд будзе закрытым
Судзьдзя апытаў меркаваньні бакоў, весьці адкрыты суд ці закрыты. Пракурор выказаўся за закрыты працэс, падсудная — за адкрыты, адвакаткі, іх дзьве — за адкрыты, пацярпелая — прадстаўніца органаў апекі — за закрыты судовы працэс.
Судзьдзя пастанавіў — будзе закрыты суд.
Пацярпелым прызналі мужа падсуднай
Судзьдзя прызнаў пацярпелым па справе мужа падсуднай Алега Сьцяпанава.
Журналістаў і староньніх папрасілі пакінуць судовую залю. Журналісты і зацікаўленыя чакаюць у калідоры.
У падсуднай дзьве адвакаткі
Адвакатак на працэсе дзьве — Надзея Бірукова, якая працуе ў справе з траўня 2017 году, пазьней да яе далучылася другая адвакатка — Зінаіда Сінякова.
Спачатку сьледзтва прызнала пацярпелай прадстаўніцу органаў апекі па прозьвішчы Аліпава. Але адвакаткі настойвалі, каб пацярпелым прызналі мужа падсуднай Алега Сьцяпанава. Суд прыняў хадайніцтва адвакатак.
Вольга Сьцяпанава другі раз на лаве падсудных
Як выявілася на працэсе, Вольга Сьцяпанава была судзімай па крымінальнай справе ў 2005-06 годзе. За крадзеж.
Падсудная: Мне няма чаго хаваць
Падсудная Вольга Сьцяпанава настойвала на адкрытым працэсе:
«Я пратэстую супраць таго, каб працэс быў закрыты. Бо там будуць абвяшчацца падрабязнасьці майго інтымнага жыцьця. Я гатовая да агалошваньня іх у адкрытым працэсе, мне няма чаго хаваць». Яшчэ ёсьць нечаканая дэталь, якая стала вядомай у пачатку працэсу.
Пацярпелы муж заступіўся за жонку
Алег Сьцяпанаў, які прызнаны пацярпелым па справе, заступіўся за жонку:
«Рашэньне, дзе нараджаць, — гэта сфэра правоў жанчыны. Калі б залежала ад мяне, то я абраў бы больш традыцыйны шлях. Але Вольга вырашыла так, і першае дзіця нарадзілася дома, у Санкт-Пецярбурзе. Мы з жонкай хадзілі на адмысловыя курсы, дзе навучалі практыцы хатніх родаў. І тое мы там увесь час спрачаліся, ці варта нараджаць дома».
Муж падсуднай сказаў журналістам, што катэгарычнага рашэньня гэтым разам не было:
«Больш за тое: было вырашана, што ў панядзелак 19 лютага яна пойдзе ў радзільню».
Такім чынам, муж схіляецца да таго, што былі імклівыя роды, і сытуацыя аказалася непрадказальнай.
На працэсе абвешчаны перапынак.
Муж Вольгі, Алег Сьцяпанаў, прыехаў на суд з Санкт-Пецярбургу. Там, зь ягонымі бацькамі, засталася двухгадовая дачка Наста.
Маці падсуднай выкліканая ў суд у якасьці сьведкі. Яна чакае ў калідоры, распавяла журналістам акалічнасьці першай крымінальнай справы супраць Вольгі Сьцяпанавай:
— Вольга тады ўладкавалася гандляркай на кірмаш, да прыватніка. Адпрацавала адзін дзень, дужа старалася, а ўвечары ёй сказалі, што яна «не падыходзіць». Вольга пачала спрачацца, распытваць, чаму так. Высьветлілася, што на гэта месца ўжо паабяцалі ўзяць іншага чалавека. Падчас спрэчкі, узнэрваваўшыся, яна схапіла з прылаўка першую ж адзежыну. Як на знак пратэсту. А гаспадары выклікалі міліцыю — нібыта яна скрала тую рэч. Справа скончылася штрафам.
Алег Сьцяпанаў абвяргае чуткі, прачытаныя ім у інтэрнэце, што Вольга ёсьць «сэктанткай» або прытрымліваецца нейкіх нетрадыцыйных рэлігійных поглядаў.
Алег Сьцяпанаў адзначае, што Вольга кіравалася толькі непакоем за здароўе дзіцяці, яна лічыла, што роды ў радзільні могуць скончыцца інфэкцыямі. Тым ня менш, яна рэгулярна праходзіла агляды мэдыкаў падчас цяжарнасьці.
Хатнюю ежу для падсуднай не прынялі
У судзе быў абвешчаны перапынак да 14 гадзін, маці прывезла Вользе паесьці, але хатняй ежы канвой не прыняў. Абед для падсуднай прывезьлі зь СІЗА.
Адвакаткі нічога не камэнтуюць
Падчас перапынку абедзьве адвакаткі Сьцяпанавай адмовіліся даваць камэнтары па справе, спаслаўшыся на падпіску аб захаваньні таямніцы сьледзтва і спэцыфіку закрытага працэсу.
Пасяджэньне суду аднавілася
З 14 гадзін заплянаванае апытаньне сьведкаў, сярод якіх — маці і 19-гадовы брат Вольгі, а таксама мэдыкі, якіх выклікалі ў дзень родаў.
Сваякі-сьведкі таксама адмовіліся ад камэнтароў для СМІ
Апошняе, што сказаў муж падсуднай Алег Сьцяпанаў у калідоры суду:
«Мы не падавалі заяваў супраць мэдыкаў. Хочам дачакацца вынікаў, бо я асабіста не прысутнічаў падчас родаў і ня ведаю, што там адбывалася. Прэтэнзіяў да лекараў стацыянару, пэўна, быць ня можа, пытаньне хіба ў тым, наколькі апэратыўна прыехала хуткая дапамога і ці слушна кваліфікаваў выклік дыспэтчар, бо адразу не даслалі рэанімацыйную брыгаду».
Судовы працэс працягнецца заўтра. Чакаецца, што паказаньні будуць даваць лекары.