Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бывай, СССР: беларусы паміж Сталіным і Гарбачовым


Cтаўленьне беларусаў да СССР аказалася істотна, значна адрозным ад расейскага. І культурная, і гістарычная блізкасьць, і прарасейская бягучая палітыка, і шчыльныя сувязі расейцамі беларусаў у гэтым пытаньні не зрабілі. Колькасьць тых, хто ў Беларусі лічыць, што распад СССР быў кепскай справай для краіны, даволі вялікая, але сярод моладзі настальгуючыя па Савецкім Саюзе, у адрозьненьне ад Расеі, складаюць меншасьць.

Чарговая гадавіна наданьня Дэклярацыі аб незалежнасьці статусу канстытуцыйнага закону — нагода ацаніць, наколькі замацавалася атрыманая тады незалежнасьць, які шлях прайшла Беларусь за гэтыя 26 гадоў у параўнаньні зь іншымі рэспублікамі былога СССР.

Нядаўна міжнароднае сацыялягічнае агенцтва Pew абнародавала дадзеныя апытаньня, праведзенага ў 2015-2016 гадах у шэрагу постсавецкіх краінаў і краінаў Усходняй Эўропы. Сярод іншых праблемаў падчас дасьледаваньня вывучалася стаўленьне да распаду СССР, вымяралася ў пэўнай ступені настальгія па былой адзінай дзяржаве. Адказы на гэтае пытаньне прыводзяцца на наступным малюнку.

Малюнак 1

Хто больш за ўсіх шкадуе пра распад СССР?

Беларускае грамадзкае жыцьцё насычанае атрыбутамі савецкай эпохі, напэўна, як у ніводнай іншай постсавецкай краіне: ад зваротаў «таварышчы» і апеляцыяў да «нашай слаўнай савецкай мінуўшчыны» з вуснаў кіраўніка дзяржавы да шматлікіх Леніных у кожным беларускім горадзе. Тым ня менш, як бачна з малюнку 1, Беларусь — далёка ня самая настальгуючая па СССР краіна. Не зьдзіўляе тое, што ў мінімальнай ступені распад СССР лічаць кепскай справай для іх краінаў у Балтыі. Не зьдзівіла б і 26 гадоў таму, гэтыя рэспублікі і ў СССР успрымаліся, як іншыя, не такія, як астатнія, фактычна, як савецкі ваенны трафэй.

Дарэчы, адносна высокая лічба тых, хто ў Латвіі настальгуе па СССР — часткова вынік этнічнай структуры тамтэйшага грамадзтва: паводле дасьледаваньня, сярод этнічных рускіх Латвіі лічаць распад СССР кепскай справай 53%, сярод іншых этнасаў гэтай краіны — 20%.

Але нечаканасьць — першыя месцы «рэйтынгу СССР» Армэнія і Малдова. Армэнія — чалец АДКБ і Эўразійскага эканамічнага саюзу, Малдова зрабіла (прынамсі, робіць пакуль) іншы геапалітычны выбар, яна адной зь першых заключыла дамову з ЭЗ аб асацыяцыі, першай атрымала бязьвіз з Эўразьвязам.

Магчыма, армяне ўспрымаюць СССР як шчыт, які абараняў іх ад пагрозьлівых суседзяў як унутры СССР, гэтак і за яго межамі. У цяперашняй сытуацыі гарантыі ваеннага саюзу з Расеяй менш пэўныя і бясспрэчныя.

З Малдовай зразумець больш складана. Гэта бедная краіна (сярэдні заробак — 314 даляраў), аднак і, скажам, Украіна — небагатая (сярэдні заробак — 288 даляраў), дзе стаўленьне да СССР іншае. Малдова мае даволі вялікі сэпаратысцкі рэгіён, які з пачатку 90-х не кантралюецца цэнтральным урадам. У СССР Малдова была, зразумела, правінцыяй адзінай дзяржавы, але Прыднястроўе было інтэгральнай часткай гэтай правінцыі.

Найбольш зразумелая настальгія па СССР — у расейцаў. Гэта настальгія ня толькі, а, можа, і ня столькі па нейкіх дабротах — рэальных ці ўяўных — той эпохі, колькі па сусьветнай велічы і моцы дзяржавы, у якой яны былі калі не кіроўным, то, прынамсі, самым вялікім этнасам. СССР быў рэінкарнацыяй гістарычнай Расеі.

Беларусь — не Расея, Украіна — ня Балтыя

У гэтым сэнсе цікава, што стаўленьне беларусаў да СССР аказалася істотна, значна адрозным ад расейскага. І культурная, і гістарычная блізкасьць, і прарасейская бягучая палітыка, і шчыльныя сувязі расейцамі беларусаў у гэтым пытаньні не зрабілі. Колькасьць тых, хто ў Беларусі лічыць, што распад СССР быў кепскай справай для краіны, даволі вялікая, але сярод моладзі настальгуючыя па Савецкім Саюзе, у адрозьненьне ад Расеі, складаюць ужо меншасьць.

Даволі нечаканыя паказьнікі стаўленьня да СССР у Грузіі і ва Ўкраіне. Яны ніжэй, чым у Беларусі, ня кажучы ўжо пра Армэнію ці Малдову, але заўважальна вышэй, чым у краінах Балтыі. Грузія і Ўкраіна таксама, як і Малдова, «выдатнікі» праграмы «Усходняга партнэрства» ЭЗ, дамовы аб асацыяцыі з ЭЗ яны падпісалі некалькі гадоў таму, сёлета атрымалі бязьвіз. Яны таксама, як і Малдова, церпяць ад сэпаратызму і брутальнасьці расейскай палітыкі. Прага да эўраінтэграцыі ў гэтых краінах вельмі высокая, яны выбіраюць той шлях, якім даўно пайшлі Літва, Латвія і Эстонія.

А вось стаўленьне да СССР у іх — небалтыйскае, скажам так.

Загадкі тугі па СССР

Аналізуючы рэйтынг у цэлым, варта заўважыць, што не зусім спрацоўваюць простыя тлумачэньні. Стаўленьне да СССР нелінейна залежыць ад узроўню дабрабыту. Так, Малдова і Армэнія — краіны бедныя, а краіны Балтыі — заможныя. Але Расея — больш багатая, чым і Беларусь, і, тым больш, Украіна.

Культурная блізкасьць да Расеі, уплыў расейскай мовы — таксама не зусім крытэр. Армэнія — краіна практычна монаэтнічная (доля этнічных армянаў у насельніцтве — 98.6%), уплыў расейскай мовы там блізкі да нуля. У Латвіі доля этнічных расейцаў сярод насельніцтва складае 25%, ва Ўкраіне яна значна вышэйшая, чым у Беларусі.

Шкадаваньне аб распадзе СССР ня тоеснае жаданьню аднавіць Савецкі Саюз, а тым больш гатоўнасьці рабіць нешта дзеля гэтага.

Хаця гэтае шкадаваньне — пры астатніх роўных зьяўляецца фактарам, які ўплывае на грамадзкае жыцьцё. Тое, што Армэнія адмовілася ад асацыяцыі з ЭЗ і ад бязьвізу са Зьвязам, тое, што на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах у Малдове перамог адэпт геапалітычнага рэваншу, уяўляецца зьявамі невыпадковымі менавіта з гледзішча стаўленьня тамтэйшага насельніцтва да распаду СССР.

Ну, і тое, што ў Беларусі прэзыдэнт менавіта такі, які ёсьць, а ня нейкі іншы, таксама, прынамсі, не супярэчыць стаўленьню беларусаў да распаду СССР.

Але і перабольшваць савецкасьць беларусаў і яе ўплыў на палітыку і грамадзкае жыцьцё ня варта. Гэтая савецкасьць не такая ўжо і высокая, асабліва ў параўнаньні зь іншымі постсавецкімі краінамі. І справа не адно ў тым, што ёсьць нейкае прасунутае, прагрэсіўнае кола, для якога Савецкі Саюз — сынонім пекла. Кола ёсьць, але ёсьць і мільёны іншых, амаль палова насельніцтва, якія ацэньваюць савецкую мінуўшчыну можа і не з такой жарсьцю, але ўсё ж адмоўна.

Ну і, паўтаруся, шкадаваньне аб распадзе СССР уплывае на палітыку, ёсьць яе чыньнікам, але не перадвызначае яе. Тая ж Малдова ўсё ж застаецца дэмакратыяй і краінай, арыентаванай на эўраінтэграцыю, і сантымэнты адносна СССР гэтыя чыньнікі там не мяняюць.

Сталін ці Гарбачоў — выбар посткамуністычнага сьвету

У дасьледаваньні Pew задавалася яшчэ адно цікавае пытаньне — індыкатар стаўленьня да савецкай спадчыны. Наступнае пытаньне задавалася ня толькі ў постсавецкіх краінах, але і ў краінах Усходняй Эўропы, у балканскіх краінах і ў Грэцыі.

Малюнак 2.

​І тут, паводле гэтага крытэру, Беларусь не аказваецца самай савецкай. У адрозьненьні ад малюнку 1 грузіны аказаліся сярод народаў, якія станоўча ацэньваюць іх супляменьніка. Але ў астатнім структура рэйтынгу засталася такой жа. Сярод шанавальнікаў Сталіна — тыя ж расейцы, але і армяне, і малдаване.

Пра гэтым беларусы ацэньваюць яго горш, чым ня толькі гэтыя народы, але і баўгары, і румыны — нацыі, якія, нагадаем, уваходзяць у NATO і ў Эўразьвяз.

І яшчэ больш выразнае, чым у стаўленьні да распаду СССР, адрозьненьне ад ацэнак расейцаў — станоўчых ацэнак Сталіна ўдвая менш, чым у расейцаў.

Ня тое, каб беларусы ўжо канчаткова разьвіталіся з СССР і са Сталіным. Але разьвітаньне адбываецца, значна больш павольна, чым ва ўкраінцаў, але хутчэй, чым у расейцаў, прынамсі, расейцаў эпохі «крымнаш».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG