Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША зрабілі больш жорсткімі санкцыі супраць Вэнэсуэлы


Вэнэсуэла, Каракас, чэрвень 2017 году
Вэнэсуэла, Каракас, чэрвень 2017 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, які робіць больш жорсткім санкцыі супраць Вэнэсуэлы. Адпаведная заява апублікаваная на сайце Белага дому.

Указ Трампа забараняе амэрыканскім фінансавым інстытутам заключаць зьдзелкі па даўгавых абавязацельствах і купляць каштоўныя паперы, выпушчаныя ўрадам Вэнэсуэлы і дзяржаўнай нафтавай кампаніяй Petróleos de Venezuela. Таксама забараняецца праводзіць зьдзелкі з бондамі, якімі валодае дзяржсэктар Вэнэсуэлы, і выплачваць дывідэнды вэнэсуэльскім уладам.

У паведамленьні Белага дому, адзначаецца, што дыктатура прэзыдэнта Нікаласа Мадуры пазбаўляе вэнэсуэльцаў харчоў і мэдыкаментаў, перасьледуе прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі і душыць свабоду слова ў краіне.

ЗША заклікалі ўлады Вэнэсуэлы аднавіць дэмакратычнае кіраваньне і правесьці свабодныя выбары.

Сытуацыя ў Вэнэсуэле абвастрылася на пачатку жніўня, пасьля правядзеньня выбараў у так званую «канстытуцыйную асамблею». Гэта новы палітычны орган, створаны для зьмены канстытуцыі Вэнэсуэлы. У сярэдзіне жніўня «канстытуцыйная асамблея» пазбавіла паўнамоцтваў апазыцыйны парлямэнт. Большасьць заходніх краінаў рэгіёну, а таксама міжнародныя арганізацыі лічаць, што ў Вэнэсуэле парушаныя асновы дэмакратыі. Ад красавіка ахвярамі ўнутрыпалітычнага гвалту і сутыкненьняў у Вэнэсуэле сталі амаль 130 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG