У горадзе Александрыя Кіраваградзкай вобласьці Ўкраіны адбыўся другі матч сэрыі плэй-оф Лігі Эўропы паміж беларускім БАТЭ і мясцовай камандай «Александрыя».
БАТЭ перамог зь лікам 2:1. Першы матч у Барысаве тыдзень таму скончыўся зь лікам 1:1.
За выхад у групавую стадыю Лігі Эўропы каманда атрымлівае ўзнагароду ад UEFA каля двух з паловай мільёнаў эўра.
Першапачаткова БАТЭ змагаўся за выхад у групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў, але па выніках двухматчавага процістаяньня з праскай «Славіяй» аказаўся ў Лізе Эўропы — турніры ніжэйшага рангу.
БАТЭ трапляў у групавы турнір Лігі Эўропы двойчы. У 2009-10 гадах яго супернікамі былі «Бэнфіка», АЭК і «Эвэртан», БАТЭ заняў 3-е месца і ня змог прабіцца ў 1/16 фіналу.
У сэзоне 2010-11 гадоў БАТЭ гуляў у адной групе з кіеўскім «Дынама», малдаўскім «Шэрыфам» і нідэрляндзкім АЗ, фінішаваў на 2-м месцы, а ў 1/16 фіналу саступіў PSG, прычым ні разу не прагуляўшы (2:2, 0:0).
У групавым турніры Лігі чэмпіёнаў БАТЭ гуляў пяць разоў, першы раз у сэзоне 2008/2009, а летась ня здолеў прабіцца ў эўракубкі.