У Магілёве выпускнікі школы Цэнтру гарадзкіх ініцыятыў «Цяпліца» расьпісалі сьцены беларускімі вершамі. Свой праект «Вершы на сьценах» мастакі-пачаткоўцы задумвалі дзеля папулярызацыі беларускай мовы ды стварэньня новых арт-аб’ектаў. Месцы і творы для графіці ўзгадняліся з гарадзкімі ўладамі.
На магілёўскіх сьценах зьявіліся творы Максіма Багдановіча, Ларысы Геніюш, Алеся Разанава, Яўгеніі Янішчыц ды Віталя Рыжкова. Іхнымі вершамі ўпрыгожылі шэрыя закуткі гарадзкіх вуліц.
«Мэта праекту дасягнутая, — лічыць кіраўнік Цэнтру гарадзкіх ініцыятыў Юры Стукалаў. — Беларускага слова стала болей у гарадзкой прасторы. Мінакі фатаграфуюцца на фоне вершаў, пішуць пра іх у сацыяльных сетках, там жа абмяркоўваюць убачанае».
Паэт Віталь Рыжкоў, верш якога сярод графіці, адзначае, што праект магілёўскіх мастакоў-пачаткоўцаў — гэта спроба абжыць гарадзкую прастору, каб яна стала роднай. «І дужа сымпатычна, — падкрэсьлівае ён, што гэтая спроба адбылася з дапамогаю клясычных вершаў».
«Тут трэба разважаць ня столькі пра літаратуру і мову, колькі пра ўрбаністыку, — заўважае паэт. — У ёй ёсьць такі панятак — „публічная прастора“. Дык, вось, грамадзкія прасторы, якія засталіся нам у спадчыну ад БССР, не шматфункцыянальныя. Калі вуліца, то па ёй можна толькі ехаць ці ісьці, а на газоне забаронена сядзець і чытаць кніжку. Гэта нагадвае здымную кватэру, у якой нічога нельга мяняць. І яна ніколі ня стане тваім домам».