Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як цэнзуравалі Пімена Панчанку


Міхась Скобла
Міхась Скобла

Першае ў сваім жыцьці інтэрвію мне выпала браць у Пімена Панчанкі. Атрымаўшы рэдакцыйнае заданьне, я перш-наперш зазірнуў у энцыкляпэдыю і ажно разгубіўся — пра што я, нядаўні выпускнік філфаку, буду размаўляць з народным паэтам, ляўрэатам Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, васьмёрачы ардэнаносцам, ганаровым акадэмікам Акадэміі навук Беларусі і экс-дэпутатам Вярхоўнага Савету зь нячастым нават для савецкай намэнклятуры стажам — дваццаць сем гадоў?

Праўда, адвагі мне дадавала любоў да панчанкаўскіх вершаў. Яшчэ са школы я ведаў на памяць і суровага, зусім не параднага «Героя» («Злосна сказаў: уставай, пяхота, / мы не на пляжы, а на вайне...»), і пяшчотныя «Белыя яблыні», і «Родную мову», дзе сакаталі, красавалі, жнівавалі, лістападзіліся і сьняжыліся ўсе дванаццаць месяцаў беларускага календара. Памятаю, ужо ўзьнімаючыся па лесьвіцы ў доме, які знаходзіўся ў гэтак званым «Пыжыкавым раёне» над Сьвіслаччу, я паўтараў, як нейкі падмацавальны пароль, памятныя са школьнай хрэстаматыі радкі: «Покуль сонца ня згасла, покуль сьвецяцца зоры, / Беларусь не загіне, будзе жыць Беларусь!»

Але ніякіх пароляў не спатрэбілася. Пімен Емяльянавіч сустрэў мяне, як даўняга знаёмца, і проста агаломшыў сваёй шчырасьцю і даверам. Не чакаючы, пакуль я пачну задаваць падрыхтаваныя пытаньні, Панчанка без аніякай наводкі з майго боку загаварыў сам пра рэчы, пра якія тады, нягледзячы на ўсю галоснасьць, хіба шапталіся на пісьменьніцкіх кухнях. Напрыклад, пра тое, што Янку Купалу ў Маскве ў 1942 годзе — забілі. «Я напісаў пра гэта ў дзёньніку», — прызнаўся Панчанка. І як яму было не паверыць, калі ён сам у той маскоўскай гасьцініцы жыў і з Купалам сустракаўся...

Пімен Панчанка, архіўнае фота
Пімен Панчанка, архіўнае фота

Зьдзівіў мяне Панчанка і расказам пра свае адносіны з савецкай цэнзурай. Як мне на той час уяўлялася? Калі ты народны паэт і ляўрэат найвышэйшых дзяржаўных прэмій, то аніякі прыдзірлівы рэдактар і звышпільны цэнзар не маюць права да цябе чапляцца. Аказалася — маюць, і Панчанку, нягледзячы на ўсе званьні і прэміі, рэдагавалі і цэнзуравалі з гэткім жа ідэалягічным нахабствам, як і ўсіх астатніх. З кожнай кнігі здымаліся падазроныя з гледзішча Галоўліту вершы, шмат якія творы аўтар змушаны быў перапісваць.

Як прыклад цэнзураваньня, Панчанка прыгадаў гісторыю з хрэстаматыйным вершам «Родная мова» (тым самым, згаданым). Паэта выклікалі ў выдавецтва і запатрабавалі зьмяніць фінальную страфу: «Ці плачу я, ці пяю? / Восень, на вуліцы цёмна... / Пакіньце мне мову маю — / пакіньце жыцьцё мне!». Іначай — кніга ня выйдзе.

Што было рабіць? Паэт вымушаны быў згадзіцца і завершыць верш больш памяркоўным чатырохрадкоўем: «Ці плачу я, ці пяю, / ці размаўляю з матуляю — песьню сваю, мову сваю / я да грудзей прытульваю».

У такім выглядзе «Родная мова» і друкавалася — ва ўсіх выбраных, зборах твораў і школьных падручніках. Пачынаючы з 1964 году. Самае дзіўнае, што паэт і крытык зь бездакорным літаратурным густам Міхась Стральцоў назваў тыя дапісаныя пад прымусам радкі з «прытуленай да грудзей» мовай «так шчасьліва народжанымі аднойчы, пранізьлівымі і прачулымі». У чым, верагодна, пераканаў і самога аўтара — Панчанка так і не аднавіў сцэнзураваны верш у прыжыцьцёвых выданьнях.

Зрабіў гэта я ў паэтычнай анталёгіі «Краса і сіла», калі Панчанкі ўжо не было на сьвеце. Тады той-сёй папракаў мяне ў парушэньнях. Маўляў, ёсьць воля аўтара і правілы тэксталёгіі, і парушаць іх нельга. Падобнай думкі, як выглядае, да гэтай пары трымаюцца і сучасныя выдаўцы — паўсюль «Родная мова» перадрукоўваецца са згодніцкім, вартым жалю фіналам. А быў жа (і мусіць застацца) пратэст народнага паэта супраць зьнішчэньня беларускай мовы, выказаны ў час, калі савецкія людзі кукурузны камунізм будавалі.

«Пакіньце мне мову маю — пакіньце жыцьцё мне!»

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG