Кароль Гішпаніі Філіп VI, каралева Летыцыя і прэмʼер-міністар Марыяна Рахой у нядзелю ўзялі ўдзел у імшы памяці загіблых у тэрактах. Імша прайшла ў саборы Саграда Фамілія ў Барсэлёне.
Асноўныя пошукі кіроўцы фургону, што заехаў у натоўп людзей у Барсэлёне некалькі дзён таму, у нядзелю вяліся ў гарадах Рыполь і Манльеу на паўночным усходзе Гішпаніі.
Паліцыя ўстанавіла шматлікія блёкпосты ў пошуках 22-гадовага выхадца з Марока Юнэса Абуякуба. Мяркуюць, што менавіта ён стаяў за атакай, у выніку якой 13 чалавек загінулі і больш за 100 былі параненыя.
У выніку другой атакі, якая адбылася празь некалькі гадзінаў у курортным горадзе Камбрыльсе, загінуў адзін чалавек і былі параненыя шасьцёра. Тут аўтамабіль таксама заехаў у натоўп людзей, але паліцыя застрэліла пяцёх падазраваных пасьля таго, як яны выйшлі з машыны.
Акрамя Абуякуба ў вышуку знаходзяцца яшчэ двое падазраваных, уключна з імамам мячэці ў Рыполі. Улады мяркуюць, што ён мог наставіць на шлях радыкалізму некаторых выканаўцаў атакі.
Паліцыя ўжо затрымала чатырох чалавек, якіх яна падазрае ў датычнасьці да нападаў.