Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінадукацыі рэкамэндуе не вывучаць у школе «Лісты з-пад шыбеніцы», касінераў, тутэйшых і парлямэнцкую апазыцыю


Мы паглядзелі, як чыноўнікі раяць выкладаць прадмет на падставе апублікаваных мэтадычных рэкамэндацый.

Выключыць пытаньне «Беларускі нацыянальны рух»

«У мэтах аптымізацыі» Міністэрства адукацыі выключае са школьнай праграмы каля 200 тэрмінаў і паняцьцяў, якія раней былі абавязковымі для запамінаньня. Таксама выключаюцца некаторыя гістарычныя пытаньні. Прыводзім самыя прынцыповыя зьмены.

Полацкае княства

Зьменены зьмест тэмы «Зараджэньне дзяржаўнасьці» на наступнае: «Перадумовы ўзьнікненьня дзяржаўнасьці. Полацкая зямля — першая дзяржава на тэрыторыі Беларусі. Старажытны Полацак. Пачатак полацкай княскай дынастыі. Рагвалод. Узаемаадносіны Полацка з Ноўгарадам і Кіевам. Беларускія землі ў складзе Кіеўскай Русі».

Вялікае Княства Літоўскае

У тэме «Княжаньне Вітаўта» выключана пытаньне «Спробы Вітаўта атрымаць каралеўскую карону».

Другая палова XVIII стагодзьдзя

Зь пераліку асноўных паняцьцяў, абавязковых для запамінаньня, выключаныя тэрміны: «касінеры», «другі „нямы“ сейм», «Віленскія якабінцы».

Другая палова XIX — пачатак XX стагодзьдзя

У тэме «Паўстаньне 1863–1864 гг.» выключанае пытаньне «„Лісты з-пад шыбеніцы“ К. Каліноўскага».

Са сьпісу асноўных паняцьцяў выключаныя: «плян Агінскага», «шляхецкае паўстаньне», «тутэйшыя».

ХХ стагодзьдзе

У тэме «Абвяшчэньне і стварэньне беларускай дзяржаўнасьці» выключанае пытаньне «Беларускі нацыянальны рух і яго асноўныя палітычныя напрамкі».

З тэмы «Грамадзка-палітычнае жыцьцё БССР у 1920-я гг.» выключаныя пытаньні «Дэмакратызацыя грамадзка-палітычнага жыцьця», «Камуністычны саюз моладзі Беларусі»;

Зь пераліку асноўных паняцьцяў, абавязковых для запамінаньня, выключаныя тэрміны: «калябарацыянізм», «Армія Краёва».

Выключаныя зь пераліку асноўных паняцьцяў «валюнтарызм», «камунізм», «парлямэнцкая апазыцыя».

Валянцін Голубеў: у рэкамэндацыях ёсьць і прабеларуская тэндэнцыя, і дэпалітызацыя гісторыі

Мы папрасілі ацаніць міністэрскія рэкамэндацыі гісторыка Валянціна Голубева. На яго думку, тут можна прасачыць дзьве асноўныя тэндэнцыі. Першая — рэкамэндацыі для выкладчыкаў узмацняюць беларускі складнік у навучаньні.

«Некаторыя пракамуністычныя і прарасейскія выразы і тэмы выключылі, — кажа Валянцін Голубеў. — Мы даўно казалі, што трэба зьняць ці паправіць гэтыя пытаньні».

Валянцін Голубеў
Валянцін Голубеў

Сапраўды, пытаньне «Палітыка цара Аляксея Міхайлавіча» выключаная з тэмы «Войнаў Рэчы Паспалітай 1654–1667 гг.».

Ранейшая фармулёўка тэмы «Зараджэньне дзяржаўнасьці ў IX–XIII стагодзьдзях» зьмененая так, каб падкрэсьліць значэньне Полацкага княства як першай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. Уключаныя імёны Васіля Быкава і Алеся Адамовіча, як абавязковыя для веданьня, у тэме пра літаратуру.

«Усё гэта стала больш моцна гучаць», — кажа Голубеў.

Адначасова Голубеў адзначае «імкненьне да своеасаблівай дэпалітызацыі» ў аўтараў рэкамэндацый.

«Менш гаварыць пра змаганьне за беларускую дзяржаўнасьць, незалежнасьць. Зьнятае слова „касінеры“. Гэтым словам сябе называлі сяляне, якія ўдзельнічалі ў антырасейскім паўстаньні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі. Гэта нашая асаблівасьць. Або тэрмін „віленскія якабінцы“. Гэта нашыя палітыкі, якія былі супраць палітыкі і Варшавы, і Масквы».

Вытрымкі з рэкамэндацый Мінадукацыі
Вытрымкі з рэкамэндацый Мінадукацыі

Што да «Лістоў з-пад шыбеніцы», Голубеў кажа, што яны ніколі не вывучаліся ў падручніках гісторыі асобна — іх праходзяць у беларускай літаратуры.

«Але ўсё адно сам тэрмін ня трэба было выключаць, — кажа гісторык. — Тым больш што там Каліноўскі зьвяртаўся да беларускага народу. Я б не здымаў».

У Мінадукацыі лічаць, што немэтазгодна разглядаць у якасьці самастойнага пункту «Дзейнасьць беларускіх калябарантаў». Сам тэрмін «калябарацыя» выключаны як абавязковы для запамінаньня.

«Раней яны гэтым тэрмінам стараліся абвінаваціць нявінных людзей, — кажа Голубеў. — А можа, і правільна, калі для дзяцей здымаецца пытаньне маральнасьці, якая была падчас вайны».

Вытрымкі з рэкамэндацый
Вытрымкі з рэкамэндацый

З сучаснай гісторыі выключаюць адначасова такія тэрміны, як «валюнтарызм», «камунізм» і «парлямэнцкая апазыцыя».

«Калі гаварыць пра дэмакратыю, нельга расказваць пра яе, не супрацьпастаўляючы камуністычнаму рэжыму, зь якога выйшла дэмакратыя, змагаючыся з камунізмам».

Парлямэнцкую рэспубліку, лічыць Голубеў, з падручнікаў прыбіраюць, каб не паказваць пэрыяд актыўнага змаганьня з камуністычным рэжымам.

«Як мне здаецца, яны выключаюць парлямэнцкую апазыцыю, дзякуючы якой была прынятая дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце і ўзьнікла Рэспубліка Беларусь, каб цяпер не падумалі пра парлямэнцкую апазыцыю».

У Эўропе тэндэнцыя, што дзеці менш запамінаюць

У новых рэкамэндацыях для выкладчыкаў часта паўтараецца, што той ці іншы тэрмін выключаецца, каб спрасьціць навучальны матэрыял. Валянцін Голубеў з такім падыходам пагаджаецца.

— Агульная тэндэнцыя ня толькі ў Беларусі, але і ўвогуле ў Эўропе, што дзеці сталі, з аднаго боку, разумнейшымі дзякуючы інтэрнэту, а з другога — яны менш чытаюць і менш запамінаюць, — кажа Голубеў. — Лексычны запас у людзей зьменшыўся ў параўнаньні з тымі часамі, калі шмат чыталі літаратуры. Школьнікам баяцца даваць запамінаць лішняе.

Я не лічу, што гэта правільна. Я бачу, што некаторыя тэрміны, якія тут выключаныя, для жыцьця патрэбныя. Адна справа, калі здымаецца тэма пра нейкія перамовы. Але калі здымаюцца такія тэрміны, як «павіннасьць», «рэлігійная цярпімасьць», «талерантнасьць», «народнасьць»... Калі не патлумачыць гэта на ўроку гісторыі, у жыцьці гэтага ніхто не патлумачыць.

Цяжка сказаць, як пра гэта будзе напісана ў падручніку. Я ніколі б не падумаў, што яны выключаць паняцьце «Рудабельская рэспубліка». Савецкія ідэолягі на такіх паняцьцях усё будавалі. І пра камуністычныя арганізацыі менш стала. Я мог бы расцаніць гэта як пэўны плюс.

Гэта мая асабістая думка. Па вялікім рахунку відаць, што Міністэрства хацела спрасьціць выкладаньне гісторыі Беларусі. Як выкладчык магу сказаць, што мэтадычныя рэкамэндацыі не забараняюць гаварыць пра такія тэрміны. Выкладаньне заўжды залежыць больш ад выкладчыка, а не ад рэкамэндацый міністэрства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG