Сьледчыя Цэнтральнага раёну Менску завяршылі расьсьледаваньне справы хулігана, які агаліў усё ніжэй за пояс у час рэпэтыцыі вайсковага параду 24 чэрвеня.
33-гадовы мянчук, паводле сьледчых, у стане алькагольнага ап’яненьня выйшаў на сярэдзіну дарогі перад калёнай тэхнікі і агаліў палавыя органы. На патрабаваньні супрацоўніка міліцыі спыніць гэтыя дзеяньні і сысьці з дарогі, як сьцьвярджаюць сьледчыя, мужчына адказаў нецэнзурна і спрабаваў нанесьці міліцыянту некалькі ўдараў. Пазьней з дапамогай мінакоў мужчыну затрымалі.
Мужчына прызнаў віну, цяпер ён пад вартай. Яго абвінавачваюць у хуліганстве (ч.1 арт. 339 КК РБ) і пагрозе гвалтам міліцыянту (арт. 364 КК РБ). Яму пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 год або да 6 год пазбаўленьня волі. Справу перадалі ў суд.