У Беларусі 17 жніўня пачаўся паказ амэрыканскага камэдыйнага баевіка рэжысэра Патрыка Х’юза «Целаахоўнік кілера» з Гэры Олдманам у ролі беларускага дыктатара і ваеннага злачынцы Ўладзіслава Дукавіча.
Паводле сюжэту, спэцагент Майкл Брус (Раян Рэльнальдз) вымушаны аб’яднацца з кілерам Дарыюсам Кінкейдам (Сэм’юэль Л. Джэксан), каб уратаваць кілера ад забойства беларускімі наймітамі і даць яму магчымасьць сьведчыць у судзе супраць дыктатара.
Але ў беларускім пракаце Дукавіч ператварыўся зь беларускага дыктатара ў басьнійскага. Паводле некаторых зьвестак, гэта было зроблена з ініцыятывы не Беларусі, а расейскага дыстрыб’ютара. Таксама беларускі дыктатар стаў басьнійскім у расейскім і ўкраінскім пракаце.
Некаторым крытыкам «Целаахоўнік кілера» спадабаўся, але ў асноўным праз ролі Рэйнальдза і Джэксана — Олдмана ў ролі беларускага дыктара ня хваляць, але і не крытыкуюць. Ды большасьць крытыкаў дае фільму сярэднія адзнакі.
Паводле Rotten Tomatoes, фільм спадабаўся толькі 35% крытыкаў, якія далі сярэднюю адзнаку ў 4,9 з 10 (таксама 49 балаў ад крытыкаў са 100 магчымых фільм мае на Metacritic). Паводле брытанскай Times, фільм проста паўтарае формулу баевікоў 80-х гадоў кшталту «Лятальнай зброі» ці «48 гадзінаў»; амэрыканскі Wall Street Journal кажа пра «размыты тон» фільму, але брытанскі The Sun апісвае фільм як «тупы як баран, пякельна гучны, не настолькі добры, як ён сам лічыць, але ўсё роўна добры». 70% шараговых гледачоў, паводле Rotten Tomatoes, фільм упадабалі.
У расейскіх СМІ на момант публікацыі выйшаў толькі адзін агляд фільму — «Российская газета», афіцыйнае СМІ ўраду Расеі, ацаніла фільм у 3,5 з 5 балаў, ня згадваючы пра нацыянальнасьць Дукавіча.