Чалец ураду Каталёніі пацьвердзіў, што ахвярамі наезду на людзей у цэнтры Барсэлёны 17 жніўня сталі 13 чалавек. Пацярпелі ня менш за 50 чалавек, некаторыя зь іх знаходзяцца ў цяжкім стане.
Паліцыя ўжо затрымала аднаго з падазраваных у наезьдзе машыны на натоўп на бульвары Рамбла. Ягоны мінівэн быў знойдзены адразу пасьля нападу. Паліцыя знайшла яшчэ адзін аўтамабіль, які, мяркуючы па ўсім, мае дачыненьне да гэтага тэракту. Выбухоўкі ў ім не было.
Адказнасьць за тэракт узяла на сябе «Ісламская дзяржава».
Раён вакол плошчы Каталёніі ачэплены. Закрытае мэтро, прыпынены рух наземнага грамадзкага транспарту. Паліцыя эвакуюе сотні людзей, якія схаваліся ад нападу ў офісах і гандлёвых цэнтрах, зачыненых пасьля здарэньня ў цэнтры Барсэлёны.
Амбасада Беларусі ў Гішпаніі ўдакладняе, ці ёсьць сярод загінулых і пацярпелых у Барсэлёне грамадзяне Беларусі. МЗС рэкамэндуе грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца ў Барсэлёне, выйсьці на сувязь са сваякамі. Тэлефон гарачай лініі, адкрытай уладамі Гішпаніі: + 34 902400012.
«Выказваю глыбокія спачуваньні сем’ям і блізкім загінулых, [прэм’ер-міністру Гішпаніі] Марыяна Рахою і грамадзянам Гішпаніі. Мае думкі з жыхарамі Барсэлёны. Нас ніколі не запалохае гэтае барбарства», — напісаў у «Твітэры» кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клёд Юнкер.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што яго краіна асуджае тэракт у Барсэлёне і прапанаваў аказаць Гішпаніі любую дапамогу.
Прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй адзначыла, што Вялікабрытанія стаіць поруч з Гішпаніяй у барацьбе супраць тэрору.
Цягам апошняга часу тэрарысты некалькі разоў уяжджалі на аўтамабілях у месцы масавага збору людзей – у сэрыі такіх тэрактаў у Эўропе загінулі больш за 100 чалавек, у тым ліку ў Ніцы, Бэрліне, Лёндане і Стакгольме.