Бацькі Васіля Быкава — Уладзімер Фёдаравіч і Ганна Рыгораўна — пахаваныя ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёну, дзе пражылі ўсё жыцьцё. Сястра Валянціна — у вёсцы Ваўчо.
17 жніўня на могілкі прыехалі адзін з уладальнікаў фірмы «Гранітны сьвет» Іван Бакіноўскі, яго брат, а таксама яшчэ сем чалавек, сярод якіх два валянтэры з Заслаўя.
На магіле Валянціны Быкавай не было помніка, толькі часовы крыж. Яна памерла ў 2016 годзе. А на магілах бацькоў Васіля Быкава старыя помнікі з гранітнай крошкі з часам папсаваліся.
Таму грамадзкі актывіст Глеб Лабадзенка прапанаваў грамадой сабраць грошы на новыя, з больш трывалага матэрыялу. Сабралі толькі 150 даляраў, іх Лабадзенка перадаў уладальнікам фірмы «Гранітны сьвет».
Зрабіць і паставіць тры помнікі, паводле Івана Бакіноўскага, каштавала каля 1500 даляраў.
Ён падкрэсьліў, што вырабіў помнікі бясплатна, бо лічыць гэта справай гонару.
Сам Васіль Быкаў пахаваны ў Менску на Ўсходніх могілках.