Як цытуе сілавіка БелТА, распрацоўваецца новы закон аб сацыяльнай рэабілітацыі былых асуджаных. У сувязі з гэтым паўстала ідэя стварыць у структуры крымінальна-выканаўчай сыстэмы МУС спэцыялізаванае сельгаспрадпрыемства, каб працаўладкоўваць тых, хто вызваляецца зь месцаў пазбаўленьня волі.
«Такім чынам былыя асуджаныя атрымаюць магчымасьць пасьпяховай рэсацыялізацыі. Па-першае, працаўладкаваньне будзе садзейнічаць зьніжэньню рэцыдыву, па-другое, дапаможа людзям уліцца ў грамадзтва, атрымліваць заробак, будаваць сям’ю, гадаваць дзяцей, выплачваць пазовы», — лічыць Шуневіч.
У якасьці экспэрымэнтальнай базы абрана сельгаспрадпрыемства «Хутар-Агра». Сумесна з кіраўніцтвам Гомельскага аблвыканкаму рыхтуюцца дакумэнты, якія будуць накіраваныя ў Савет міністраў. Калі ўсё атрымаецца, кажа Шуневіч, перадавы вопыт будзе пашыраны на ўсе тэрытарыяльныя ўпраўленьні ўнутраных спраў.
Па словах міністра, калі сельгаспрадпрыемства будзе перададзена з камунальнай уласнасьці ва ўласнасьць МУС, пэрспэктыўнымі напрамкамі яго разьвіцьця стане асваеньне новых відаў сельгаспрадукцыі, стварэньне ўласнага ўчастку вытворчасьці камбікармоў, пашырэньне асартымэнту гародніннай і мясной прадукцыі. Увесь ураджай пойдзе на патрэбы крымінальна-выканаўчай сыстэмы МУС.
Гаспадарка «Хутар-Агра» арганізаваная летась у ліпені шляхам рэарганізацыі Сьветлагорскага аграпрамысловага ўпраўленьня «Беларуснафта». Асноўныя віды дзейнасьці — вытворчасьць малака, мяса буйной рагатай жывёлы, збожжа і кармоў.