Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзевятоўскі папрасіў прабачэньня ў заўзятараў за правал лёгкаатлетаў на чэмпіянаце сьвету 


Алімпійскі стадыён у Лёндане, практыкаваньне ў трайным скачку
Алімпійскі стадыён у Лёндане, практыкаваньне ў трайным скачку

Старшыня Фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Беларусі, у мінулым пасьпяховы малатабоец Вадзім Дзявятоўскі папрасіў прабачэньня ў заўзятараў за няўдалы выступ беларускай зборнай на чэмпіянаце сьвету ў Лёндане. Беларусы за тыдзень спаборніцтваў не атрымалі ніводнай узнагароды.

«Хочацца папрасіць прабачэньня ў заўзятараў айчыннай лёгкай атлетыкі за выступ нашай зборнай на гэтым найбуйнейшым спаборніцтве году. Ведаю, што расчаравалі і не апраўдалі чаканьняў, — напісаў Дзевятоўскі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. — Да галоўнага старту мы падыйшлі з крыўднымі стратамі. Але нават з тымі атлетамі, якія прыехалі ў Лёндан, здольныя былі змагацца за мэдалі. Хоць бы адну ўзнагароду, але абавязаныя былі браць. Сказаць, што атлеты, на якіх мы разьлічвалі, не змагаліся, не магу. Але факт ёсьць факт — мэдалёў няма».

Кіраўнік фэдэрацыі ўпэўнены, што ў фінале кіданьня молату меў добры шанец Павал Барэйша, але так ім і не скарыстаўся. Гэтаксама як у гэтым жа сэктары ня справілася з напружаньнем Ганна Малышчык, а ў кіданьні дзіды — Тацяна Халадовіч ды Юлія Леанцюк у штурханьні ядра.

Нібыта ў добрай форме прыехала ў Лёндан чэмпіёнка сьвету 2015 году, бягуньня Марына Арзамасава. Аднак гэтым разам яна не змагла прайсьці нават кваліфікацыйнае сіта.

12 жніўня застаецца апошні спадзеў на Аліну Талай у жаночым фінале на 100 мэтраў з бар’ерамі. Але занадта моцныя ў яе гэтым разам супэрніцы, якія могуць ня даць паўтарыць посьпех двухгадовай даўнасьці — у 2015-м з усясьветнага першынства ў Пэкіне Аліна прывезла бронзу.

«Я не хачу, каб нэгатыўны фон ад выступу адбіўся на настроі нашай каманды. Мы бачым, дзе былі дапушчаныя памылкі, ведаем, як у будучыні іх пазьбегнуць. Высновы пасьля летняга сэзону будуць зроблены самыя сур’ёзныя», — падсумаваў Вадзім Дзевятоўскі.

Пры гэтым ён зазначыў, што амбітныя мэты, якія беларуская зборная паставіла перад Алімпіядай 2020 году ў Токіё, ніхто не адмяняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG