Такое меркаваньне падчас круглага стала «Роля АПК у эканоміцы Беларусі» у прэс-цэнтры БелТА выказаў дэкан эканамічнага факультэту БДУ, прафэсар Міхаіл Кавалёў.
На яго думку, з ростам колькасьці насельніцтва будзе расьці і патрэба ў харчаваньні. Таму задача нарошчваньня да 2020 году харчовага экспарту да 7,5 мільярда даляраў можа быць дасягнутая ў першую чаргу за кошт дывэрсыфікацыі рынкаў.
«Напрыклад, азіяцкія краіны. Дзякуючы рэзкаму ўздыму эканомік, у іх зьявіліся грошы. У першую чаргу гэта, вядома, Кітай, які ўжо сёньня купляе харчаваньня на 170 мільярдаў даляраў. Галоўным экспартным прадуктам у нас — малако, а кітайцы толькі пачынаюць прызвычайвацца да малака і марозіва. Нават ужо ходзіць прымаўка: каб кожны кітаец выпіваў у дзень шклянку малака, то ўсяго малака ў сьвеце не хапіла б. Вядома, для нас гэты рынак вельмі пэрспэктыўны», — адзначыў прафэсар Кавалёў.
Між тым, на яго думку, ёьсць і іншыя рынкі, цікавыя для Беларусі. Паводле Кавалёва, Індыя купляе прадукты харчаваньня на 30 мільярдаў даляраў, Малайзія — на 20 мільярдаў.
Іншыя прывабныя рынкі — гэта арабскія краіны. Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Сырыя маюць штогадовую патрэбу ў харчаваньні на 25 мільярдаў даляраў кожная, Эгіпет — на 15 мільярдаў.
Турэччына хоць сама экспартуе ўласную сельгаспрадукцыю, але ў той жа час нямала харчоў набывае за мяжой — агулам на 20 мільярдаў даляраў.
Акрамя таго, дадаў Міхаіл Кавалёў, існуюць тэндэры на закупкі харчаваньня з боку ААН — для наступнага разьмеркаваньня сярод насельніцтва, якое галадуе ў розных рэгіёнах сьвету. Калі выкарыстаць нават частку экспартных магчымасьцяў, эфэктыўнасьць будзе адчувальная, — перакананы дэкан эканамічнага факультэту БДУ.