Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліст са жніўня 44-га. Па-беларуску


Аляксандар Доўнар
Аляксандар Доўнар

Аляксандар Доўнар піша ў вёску Тур’якава сваёй жонцы: Вера, сабяры ўсіх дзетак і пацалуй за мяне. Гэта апошняе жаданьне беларуса, з тысячаў тых, што пайшлі ваяваць на фронт ужо пасьля вызваленьня Менску. І не вярнуліся.

Гэты праўдзівы франтавы трохвугольнік не патрапіў у вітрыны музэяў і нідзе яшчэ не публікаваўся. Ліст захоўваецца ў архіве маёй сям’і. Аляксандар Доўнар — мой дзед, якога я ніколі ня бачыла. У іх з бабуляй было пяцёра дзяцей — чатыры сыны і адна дачка, мая мама.

Вясельле Веры Саленік і Аляксандра Доўнара. 1930 год. Бабулі 20, дзеду 22.
Вясельле Веры Саленік і Аляксандра Доўнара. 1930 год. Бабулі 20, дзеду 22.

Дзед меў чатыры клясы адукацыі, таму да вайны працаваў рахункаводам у калгасе. Я не перакладаю назву яго пасады: мама так і казала «твой дзед быў рахункавод». Больш ні ад каго ў жывой мове я гэтага слова ня чула. Бараўскі сельсавет, пад які спадала Тур’якава, з 1932-га па 1936-ы быў «нацыянальна польскім», таму што ўваходзіў у склад Койданаўскага польскага нацыянальнага раёну. А ў траўні 36-га сельсавет быў пераўтвораны ў беларускі.

Зь ліста вее цёплы подых тагачаснай беларусізацыі.

Зь ліста, дзе столькі разоў гаворыцца пра шчасьце (і счасце) жыць, вее цёплы подых тагачаснай беларусізацыі. Дзед яўна быў яе прыхільнікам і браў як сваё крэўнае. Дробныя адхіленьні і варыянты толькі пераконваюць, як пасьлядоўна ён вучыўся, а няўпэўненасьць у правілах вырашаў проста гукапісам. Перапішу ўсё даслоўна:

Пісьмо
Дня 10 жніўня 1944 года от Доўнара А. А. Вера пасылаю табе пісьмо не адно і думаю, што хоць адно да палучыш хоць я атвету не палучыў дзе саабшчаў у ліпені месяцы 1944 а маёй жызьні так я меў шчасця перажыц усё то што здаралася на пуці апісаць немагу. Вера сабяры усіх дзетак пацалуй за міне а я цалую прас пісмо а такжа родных вітаю прас пісмо. Счаслівым астаўся пака што магу пагаварыць звамі хоць здалёк, каб ты ведала як хочацца палучыць атвет хоць коратка апісалі як пражывалі бяз мяне так як я вам пішу корацінка. Пісаў пісма ў Койдана Надзі і начас пісанага пісма атвета ні адкога не палучыў і палучыць не прыдзеца змяніўся мой адрыс. Вера як палучыш гета пісмо то атвету не давай чакай пака прышлю новы адрыс калі буду мець счасця напісаць а пака аставаюся мсціць за садкаўшчыну, пісаў бы болей да німа на чом аставайцеся здаровы, як вы счаслівыя на сёнешні дзень. Гадуй дзетак буць Маці гераіня а маё счасця у перадзі павідацца з усімі роднамі суседзямі і вамі.

Папярэдні ліст зь ліпеня 44-га, дзе, відаць, крыху расказаў пра сябе, бабуля ніколі не атрымала.

Пісаў у Койдана — г. зн. у Койданава, якое ў той час ужо больш як 10 гадоў было перайменавана ў Дзяржынск. Вёска Садкаўшчына — мясцовая Хатынь, 96 жыхароў былі спаленыя ў лютым 1943-га, у тым ліку і нашыя сваякі. Ну а чаму, думаю, столькі ў пісьме пра тое, як і каму пісаў і куды не пісаць, а на астятняе няма месца? Бо на адвароце стаіць штэмпель «Просмотрено Военной Цензурой». Бо папярэдні ліст зь ліпеня 44-га, дзе, відаць, крыху расказаў пра сябе, бабуля ніколі не атрымала. Таму ўласна «усё, што здарылася на пуці, апісаць не магу».

З даведак, якія пазьней сабрала мама, вядома, што Аляксандар Доўнар з кастрычніка 1943 па ліпень 1944 лічыўся радавым партызанскага атрада імя Катоўскага 18-й брыгады імя Фрунзэ. Першую палову вайны ён заставаўся ці не адзіным мужчынам у калгасе, хто «кіраваў бабамі і коньмі»: празаічна трэба было сеяць, касіць, жаць, каб вялікія сем’і і тыя ж партызаны выжылі. Потым ён атрымаў загад далучыцца да партызанскай брыгады, адкуль у ліпені 44-га «выбыў у распараджэньне 3-й арміі». На гэтым яго сьляды губляюцца.

А што, калі прыйдзе Саша?

Бабуля «пахаронку» ніколі не атрымала. І калі пасьля вайны да яе — зь пяцьцю дзецьмі — пасватаўся мясцовы мужчына, што было нечуваным шанцункам, яна адмовіла. «А што, калі прыйдзе Саша?» Вось такая яна была «маці-гераіня». Як падымала ўдава пяцёра дзяцей пасьля вайны апісваць ня буду. Ведаю дакладна, што маю маму ў 50-я адлічылі з Менскага бібліятэчнага тэхнікума за тое, што не заплаціла нейкія там унёскі.

Бабуля Вера ўсё ўмела сама: і жаць, і касіць, і пчолы глядзець.
Бабуля Вера ўсё ўмела сама: і жаць, і касіць, і пчолы глядзець.

А мне па дзеду дасталася швейная машынка. У часы савецкага дэфіцыту бабулю як удаву партызана паставілі на «льготную чаргу» і мы змаглі купіць падольскую Чайку.

І гэты ліст, і вясельнае фота, і пытаньне без адказу: што ж ты хацеў і ня змог расказаць, Дзеду?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG