У аўторак 8 жніўня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які праводзіць адпачынак на адным са сваіх гольф-курортаў, выступіў з заявай на адрас Паўночнай Карэі.
«Пхэньяну лепш больш не пагражаць Злучаным Штатам, інакш яны атрымаюць у адказе агонь і лютасьць (fire and fury), якіх сьвет яшчэ ня бачыў», — сказаў Трамп.
У КНДР адказалі паведамленьнем пра тое, што ўзброеныя сілы краіны рыхтуюць плян ракетнага ўдару па тэрыторыі, прылеглай да выспы Гуам у Ціхім акіяне. На гэтым востраве разьмяшчаецца амэрыканская вайсковая база.
У ваяўнічай заявы Трампа ёсьць толькі адзін прэцэдэнт у нядаўняй амэрыканскай гісторыі — зробленая ў жніўні 1945 году заява прэзыдэнта Гары Трумэна пра тое, што ЗША скінулі ядзерную бомбу на Хірасіму. Трумэн заклікаў Японію здацца. У адваротным выпадку, сказаў ён, «на іх пральецца з нябёсаў такі дождж спусташэньня (rain of ruin), якога гэтая зямля яшчэ ня бачыла».
Дзьве гэтыя заявы падобныя толькі алітэрацыяй — гістарычны кантэкст у іх зусім розны. У 1945 годзе ЗША дэманстравалі ўсяму сьвету магчымасьці ядзернай бомбы. У Японіі ядзернай зброі не было. У аўторак газэта Washington Post са спасылкай на даклад амэрыканскай разьведкі паведаміла, што ў КНДР ужо зараз маецца ядзерная боегалоўка, здольная паразіць ЗША.
Як рэагавалі на ваенную эскаляцыю і аб’яўлялі войны іншыя прэзыдэнты ЗША?
- У перадсьвітальныя гадзіны 25 чэрвеня 1950 году паўночнакарэйскія войскі пад прыкрыцьцём артылерыі перайшлі мяжу з паўднёвым суседам. Уварваньне стала нечаканасьцю для сусьветнай супольнасьці. У той жа дзень у Нью-Ёрку сабралася Рада Бясьпекі ААН, якая — пры адсутнасьці савецкага прадстаўніка — санкцыянавала ваеннае ўварваньне. Зварот прэзыдэнта ЗША Гары Трумэна да амэрыканцаў прагучаў толькі 19 ліпеня 1950 году, калі баявыя дзеяньні ўжо ішлі ва ўсю:
«У нядзелю, 25 чэрвеня армія камуністаў напала на Карэйскую рэспубліку. Гэты напад расьсеяў усе сумненьні ў тым, што міжнародны камуністычны рух гатовы зьвяртацца да ўзброеных ўварваньняў для заваяваньня незалежных краін. Падобны акт агрэсіі стварае цалкам рэальную пагрозу для бясьпекі ўсіх вольных народаў. <...> Наша краіна дае сьвету прыклад таго, як свабодныя людзі, уладу над якімі мае толькі Бог, могуць пабудаваць супольнасьць, усе чальцы якой разам працуюць на агульнае дабро. Да гэтай мэты мы імкнёмся ня толькі дзеля сябе, але і дзеля ўсяго сьвету. Мы перакананыя, што мір і свабода неабходныя, каб весьці жыцьцё, для якога нас прызначыў Стваральнік. Гэтая вера накіроўвала нас у мінулым, гэтая ж вера дасьць нам сілы, каб выстаяць перад цяжкасьцямі ў будучыні».
- У кастрычніку 1962 году прэзыдэнт ЗША Джон Ф. Кенэдзі атрымаў пацьверджаньне, што СССР перакінуў на Кубу вайсковыя часткі, тэхніку і ўзбраеньне, уключаючы ядзерныя боегалоўкі. Выбухнуў так званы Карыбскі крызіс. 22 кастрычніка 1962 году Кенэдзі выступіў са зваротам да амэрыканскага народу:
«Заклікаю старшыню Хрушчова спыніць будаўніцтва ракетных пляцовак і ліквідаваць гэтую таемную, бяздумную, правакацыйную пагрозу міру ва ўсім сьвеце і трывалым адносінам паміж дзьвюма нашымі краінамі. Далей, я заклікаю яго адмовіцца ад курсу на сусьветнае панаваньне, далучыцца да гістарычнай спробы пакласьці канец небясьпечнай гонцы ўзбраеньняў і зьмяніць гісторыю чалавецтва».
- 2 жніўня 1964 году ў Тонкінскай затоцы адбыўся бой паміж амэрыканскім эсмінцам «Мэдакс», як рабіў разьведку каля берагоў Паўночнага Віетнаму, і паўночнавіетнамскім тарпэдным катэрам. Наколькі сур’ёзны было гэтае сутыкненьне і ці ня перабольшылі яго значнасьць амэрыканскія спэцслужбы, дагэтуль не зразумела. У адказ Кангрэс ЗША прыняў так званы «Тонкінскую рэзалюцыю», якая давала права прэзыдэнту Ліндану Джонсану пры неабходнасьці ўжыць вайсковую сілу ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Джонсан, абраны на свой пост як «кандыдат міру», сказаў 4 жніўня 1964 году ў радыё- і тэлезвароце да амэрыканскага народу:
«Загад абвясьціць ваенную апэрацыю, нават невялікую, цяжкі абавязак, няхай нават вайсковая моц нашай арміі гэтак жа грандыёзная і калясальная, як самі США. Тым ня менш, я абсалютна перакананы, і гэтую перакананасьць цалкам падзяляе ваш урад, што сёньня для захаваньня міру трэба праявіць цьвёрдасьць; праявы гэтай цьвёрдасьці будуць абмежаваныя. Гэта місія міру».
Вайна ў Віетнаме скончыцца толькі ў 1975 годзе.
- 2 жніўня 1990 года Ірак акупаваў Кувэйт. 29 лістапада 1990 году, пасьля правалу шматлікіх спробаў схіліць Ірак да мірнага ўрэгуляваньня крызісу, Рада Бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю № 678, якая давала Іраку паўтара месяца на вывад войскаў з тэрыторыі Кувэйту. У адваротным выпадку ўжо сфармаваная на той момант кааліцыя Шматнацыянальных Сіл атрымлівала права на правядзеньне ваеннай апэрацыі па вызваленьні Кувэйту. 16 студзеня 1991 году прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы выступіў з тэлезваротам да амэрыканскага народу:
«У нас няма ніякага канфлікту з народам Іраку. Насамрэч я малюся за бясьпеку нявінных людзей, якія аказаліся ўцягнутымі ў гэтую вайну. Захоп Іраку не зьяўляецца нашай мэтай. Наша мэта — вызваленьне Кувэйту. Нават цяпер я спадзяюся, што ірацкі народ усё ж такі ўдасца пераканаць свайго дыктатара скласьці зброю, сысьці з Кувэйту, а самому Іраку даць магчымасьць увайсьці ў сям’ю міралюбных народаў».
- 11 верасьня 2001 году тэрарысты Аль-Каіды зрабілі чатыры скаардынаваныя тэракты ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне. Загінула 2977 чалавек, яшчэ 24 прапалі бязь вестак. 20 верасьня 2001 году Джордж Буш-малодшы зьвярнуўся да Кангрэсу ЗША і амэрыканскаага народу, фактычна заяўляючы аб неабходнасьці ўварваньня ў Аўганістан, дзе, паводле дадзеных амэрыканскай выведкі, знаходзіўся арганізатар тэрактаў, лідэр Аль-Каіды Ўсама бін Лядэн. Уварваньне тлумачылася, як «вайна з тэрорам»:
«Нам нанесьлі цяжкі ўдар. Мы панесьлі велізарныя страты. Але ў горы і ў лютасьці мы здабылі сваю місію і пераканаліся, што прыйшоў час дзейнічаць. Свабода і страх несумяшчальныя. Вызваленьне чалавецтва — вялікае дасягненьне нашага часу, надзеяй на свабоду людзі жылі ва ўсе часы. Зараз лёс свабоды залежыць ад нас. Наш народ, цяперашняе пакаленьне зьнішчыць пагрозу гвалту, якая навісла над намі і над нашым будучым. Для дасягненьня гэтай мэты па ўсім сьвеце мы прыкладзем усе намаганьні, усю нашу мужнасьць. Наша барацьба будзе нястомнай, няўхільнай і бяспройгрышнай».
Усама бін Лядэн быў забіты на загад прэзыдэнта ЗША Барака Абамы ў прыгарадзе сталіцы Пакістану Абатабадзе 2 траўня 2011 году ў выніку спэцапэрацыі амэрыканскіх дэсантнікаў.
- У кастрычніку 2002 году Кангрэс ЗША на падставе прадстаўленых адміністрацыяй дадзеных аб распрацоўцы Іракам зброі масавага паражэньня прыняў рэзалюцыю, якая дазваляла вядзеньне баявых дзеяньняў супраць Іраку. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-малодшы 18 сакавіка 2003 году выступіў з прамовай аб неабходнасьці вайны:
«Мы пачынаем дзейнічаць, таму што бязьдзейнічаць занадта рызыкоўна. Праз год ці праз пяць у Іраку будзе нашмат больш магчымасьцяў нанесьці страты ўсім вольным народам. Валодаючы гэтымі магчымасьцямі, Садам Хусэйн і яго саюзьнікі-тэрарысты змогуць абраць зручны для сябе момант, каб пачаць сьмяротную вайну. Мы вырашылі адказаць на гэтую пагрозу ўжо сёньня — там, дзе гэтая пагроза ўзьнікла, і да таго, як яна праявіць сябе ў нашых гарадах і ў нашым небе».
Садама Хусэйна пакаралі сьмерцю 30 сьнежня 2006 году, зброі масавага паражэньня знойдзена не было. Апошнія амэрыканскія войскі былі выведзеныя з Іраку ў сьнежні 2011 году. Улетку 2014 году баявікі «Ісламскай дзяржавы» абвясьцілі халіфат ў Іраку і Сырыі.
Кур'ёзнае «аб’яўленьне вайны»
- 11 жніўня 1984 году Рональд Рэйган, правяраючы мікрафон, жартам сказаў:
«Дарагія суайчыньнікі, амэрыканцы! Я рады паведаміць, што сёньня падпісаў указ, які аб’яўляе Расею па-за законам на вечныя часы. Бамбаваньне пачнецца празь пяць хвілін».
З СССР у адказ прыйшла рэзкая рэакцыя:
«ТАСС упаўнаважаны заявіць, што ў Савецкім Саюзе з асуджэньнем ставяцца да беспрэцэдэнтна варожага выпаду прэзыдэнта ЗША. Падобныя паводзіны несумяшчальныя з высокай адказнасьцю, якую нясуць кіраўнікі дзяржаў, перш за ўсё тых, што валодаюць ядзернай зброяй, за лёсы ўласных народаў, за лёсы чалавецтва».