Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыгоды незалежнасьці


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Спрэчкі пра нацыянальную ідэю, якія працягваюцца ў Беларусі ўжо якое дзесяцігодзьдзе, разьвіваюцца, як правіла, па адным і тым жа сцэнары. Адны ганяць нацыяналізм, іншыя лічаць, што дзяржава і нацыя павінны будавацца на зусім іншых прынцыпах, чым цяпер. Першыя пры гэтым апэлююць да меркаваньня большасьці, другія — актыўнай, прасунутай, сьвядомай меншасьці.

Нібыта і не было апошніх 26 гадоў і на двары нейкі 90-ы год, а наперадзе — невядомасьць, поўная жахаў і надзеяў. Між тым гады гэтыя былі.

Многімі незалежная Рэспубліка Беларусь успрымалася як дурны сон, часовая недарэчнасьць, «акупацыя незалежнасьцю»

Цяпер ужо патрабуюцца вялікія высілкі, каб прыгадаць сытуацыю пачатку 90-х гадоў, сытуацыю найперш масавых уяўленьняў. Многімі, надта многімі незалежная Рэспубліка Беларусь успрымалася як дурны сон, часовая недарэчнасьць, «акупацыя незалежнасьцю», як парадаксальна напісаў некалі Валянцін Акудовіч. Аргумэнтаў, што многія думалі менавіта так, можна прыводзіць шмат, самы просты і відавочны — тое, каго і зь якімі лёзунгамі народ абраў сваім першым прэзыдэнтам у 1994 годзе.

«Я вярну вам СССР», «белавескае злачынства», — гаварылася ж усё гэта. Ды і ня толькі гаварылася, але і рабілася — зьмена сьцяга і герба, каскад саюзных дамоваў з Расеяй, тады гэта і ўяўлялася менавіта што шляхам назад у СССР. І не сказаць, што ўсё гэта было адно накінутае грамадзтву сілай дзяржавы. Прынамсі, ня толькі накінутае.

Ну, і параўнаем дзень мінулы і дзень сёньняшні. Незалежнасьць — сьвятыня, галоўная каштоўнасьць, словы пра аднаўленьне СССР ужо даўно не гучаць, а калі б гучалі, то ўспрымаліся б як трызьненьне, «калі прыйдзе замежнік са зброяй, хоць бы і Пуцін — дамо адпор». Які такі адпор, калі «мы адзін народ»?

Учора незалежнасьць была «выдумкай БНФ», а сёньня яна нейкім цудам стала «крыштальным сасудам»

Гэта проста зьмена рыторыкі — скажа нехта. Нязгодны, што толькі гэта, але чаму зьмянілася рыторыка, чым кепская была ранейшая? Гэта саступка актыўнай меншасьці, апантанай нацыянальнай ідэяй? Да пэўнай ступені — так. Але якія былі падставы ёй саступаць? Яна была такой магутнай, без саступак ёй і кіраваць было нельга? Ды здаецца, не.

І цікавае пытаньне — а калі адбыўся пераход, калі пераламілася? А цяпер ужо і не зафіксуеш заднім лікам, не было ніякай рэвалюцыі, ніякага дэкрэту, у якім абвяшчалася б, што ўчора незалежнасьць была «дурной выдумкай БНФ», а сёньня яна нейкім цудам стала «крыштальным сасудам».

Ну, пэўную кропку пералому, перагібу можна адзначыць — зьмену Ельцына на Пуціна ў Крамлі. Не пазбаўлена рацыі, хаця і не перабольшваў бы спадзяваньні Лукашэнкі на Крэмль напрыканцы 90-х.

Але калі нават і так. Гісторыя ідзе пакручастым шляхам. У пэўным сэнсе прыгожыя мары пра ВКЛ дзіўным чынам спраўдзіліся, на чале хоць і нехлямяжай, але ўсё ж сучаснай дзяржавы апынуўся тыповы фэадал. Ён займеў сваю «лусту зямлі», парадак на ёй у сваім разуменьні навёў. Чаму ён павінен яе аддаваць нейкім драпежнікам-суседзям? Не, калі ёсьць шанец да свайго Вінтэрфэла ці Дорна прыдбаць і Каралеўскую гавань — дык як адмовіцца?

У пэўным сэнсе прыгожыя мары пра ВКЛ дзіўным чынам спраўдзіліся

Ну, а не — дык не. Давядзецца абмежавацца сваім каралеўствам. А настальгія, магчыма і шчырая, па вялікай імпэрыі, можа, і ня зьнікла, але шапка Манамаха — чароўны дэвайс, ён вельмі моцна мяняе тое, што пад ёй.

Але гэтыя зьмены ў сьвядомасьці аднаго чалавека былі адлюстраваньнем зьменаў у грамадзтве ў цэлым. Вось прапанаваў Пуцін у 2002 годзе банальна далучыць Беларусь да РФ, злавіў у пэўным сэнсе ў пастку рыторыкі ўзору 94-га году: хацеў аднавіць СССР — ну дык вось выдатная магчымасьць.

Але ж цікава, што ад прапановы адмовіўся не адно фэадал. І не адна тая самая актыўная, апантаная, прасунутая меншасьць. А фактычна амаль усе. А чаму?

Звычка ператвараецца ў перакананьне

Таму што мяняліся. І ня тое, што пад уплывам прыцягальнасьці ідэяў той меншасьці, а пераважна пад уплывам практыкі жыцьця ў незалежнай дзяржаве, прывыканьня да асобнага існаваньня. Служба ў сваім войску, выплата падаткаў у сваю казну, свае грошы, лініі карʼераў, вышэйшая кропка якіх — у Менску, а не ў Маскве — з такіх практычных рэчаў і паўстала тое, што незалежнасьць раптам аказалася і каштоўнасьцю, і скарбам, і нікому не аддамо. І ўсе гэта адбываецца і адбывалася з большасьцю. Пры гэтым звычка ператвараецца ў перакананьне.

Спрэчкі пра нацыянальную ідэю, безумоўна, важныя, яны і сапраўды не адно пра палітыку, яны і пра ідэнтычнасьць. Аднак яны ўжо ня спрэчкі пра тое, быць ці ня быць Беларусі. Адказ на гэтае пытаньне ўжо дадзены. Пра тое сьведчаць і апісаныя вышэй прыгоды незалежнасьці.

Нацыя — гэта ня сэкта, ня партыя, не рэлігійны ордэн. І таму падаецца, што чым атрымліваць асалоду ад сваёй дасканаласьці і абранасьці, больш плённа заўважаць і бачыць, як пэўныя ідэі і прынцыпы, якія калісьці ўспрымаліся як ерась, ужо сёньня засвойваюцца, прымаюцца пераважнай большасьцю.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG