Да 1 кастрычніка ў Беларусі павінен быць падрыхтаваны пакет дакумэнтаў, які «скасуе ўсе лішнія адміністрацыйныя бар’еры, зь якімі сутыкаюцца бізнэсоўцы» — гэтак заявіў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з удзелам кіраўнікоў бізнэс-супольнасьцяў, на якой разглядаецца пакет законапраектаў аб паляпшэньні ўмоваў прадпрымальніцтва ў Беларусі.
Старшыня каардынацыйнай рады Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Ўладзімер Карагін, які далучыўся да абмеркаваньня новай стратэгіі вядзеньня бізнэсу, сказаў Свабодзе, якіх зьменаў можна ўпэўнена чакаць.
Дамовіліся шмат пра што, але не пра ўсё
Зранку Карагін анансаваў нараду і казаў, што праца зацягнулася праз надта вялікі аб’ём законапраектаў, якія давялося пераглядзець, і выказваў апасеньні, ці будуць прынятыя прапановы.
«Цяпер ужо выразна зразумела, што больш за 10 буйных нарматыўных дакумэнтаў павінны быць дапрацаваныя да 1 кастрычніка, — кажа Карагін. — І па кожным зь іх будзе сустрэча з распрацоўнікамі і прадпрымальнікамі. Гэта ўвязана ў агульную сыстэму.
Як Лукашэнку рыхтавалі „рэвалюцыйны“ дэкрэт аб лібэралізацыі бізнэсу
Мы спадзяёмся, што нашыя прапановы будуць успрынятыя. Пакуль ня ўсе прапановы бізнэс-супольнасьці ўвайшлі ў праекты прапанаваных дакумэнтаў. Ня ўсё нас задавальняе. Вельмі хвалюе, што нават калі з пункту гледжаньня ўмоваў вядзеньня бізнэсу па рэгулятарных пытаньнях усё будзе вырашана, то сёньня яшчэ судовая сыстэма не зусім перабудавалася. У нас няма ўпэўненасьці ў аб’ектыўнасьці судоў, у роўнасьці формаў уласнасьці і гэтак далей.
Шмат пытаньняў, шмат праблемаў. Але спадзяёмся, што час пакажа, як улады ўспрынялі прапановы беларускіх прадпрымальнікаў».
Якіх рэформаў чакаць?
«Найпрасьцей аказалася скараціць патрабаваньні па лініях Міністэрства надзвычайных сытуацый, па лініі санітарных нормаў і правілаў, перакласьці дадатковую адказнасьць на прадпрымальнікаў, — кажа Карагін. — То бок меней рэгулятыўных нормаў, але большая будзе адказнасьць, калі нешта здарыцца, калі нехта атруціцца ці параніцца.
Вельмі складана дамаўляцца пра ўзровень абкладаньня падаткамі, пра разьвіцьцё прадпрымальніцтва і самазанятасьці ў сельскай мясцовасьці і ў тых раёнах, дзе неабходна стварыць мінімальныя патрабаваньні пры адкрыцьці новых бізнэсаў ці гандлёвых пунктаў, безь ліцэнзіі па заяўным прынцыпе. Гэта патрабуе яшчэ дапрацоўкі і ўвязваньня ва ўсёй сыстэме.
І, вядома, субсыдыярная адказнасьць — пытаньне з пытаньняў. Сёньня ў Беларусі фактычна ліквідаваная абмежаваная адказнасьць нават у таварыствах. Крок налева, крок направа — прадпрымальніка „накрывае“ канфіскацыя ўсёй ягонай маёмасьці і страта ўсіх напрацовак за 5–10 год. Так званае ілжэпрадпрымальніцтва — у гэты капкан уступілі шматлікія, хто заключаў кантракты з кампаніямі, абвінавачанымі ў ім. Прадпрымальнік страчвае ўсе свае даходы і часта маёмасьць.
Вельмі цяжка гэтыя пытаньні рашаюцца адпаведнымі фіскальнымі органамі, кантралюючымі арганізацыямі... Але больш-менш прасоўваюцца наперад».
Гэта ініцыятывы «зьнізу» ці «зьверху»?
«І „зьнізу“ — мы 10 год гэтыя пытаньні напрацоўвалі, год ад году кансалідавана прадстаўлялі іх у сфармуляваным выглядзе на Нацыянальнай плятформе бізнэсу Беларусі, — кажа Карагін. — І „зьверху“ сёньня ёсьць ужо разуменьне, што дзяржава можа атрымаць больш ад прадпрымальніка, які працуе эфэктыўна. Дый пытаньні міжнароднай канкурэнцыі прыціскаюць, і блізіцца лічбавая трансфармацыя эканомікі, якая можа 80% цяперашніх працоўных месцаў ліквідаваць.
Таму з двух бакоў аб’ектыўная патрэба часу — карэнным чынам палепшыць умовы прадпрымальнікаў у Беларусі, прыцягненьня інвэстыцыяў і агульнага бізнэс-клімату».