Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпёка: аранжавы ўзровень небясьпекі, за тыдзень толькі ў Менску шпіталізаваныя 10 чалавек


Да +35°С прагназуюць у Беларусі на бліжэйшыя дні. Мэтэаролягі абвясьцілі штармавое папярэджаньне і аранжавы ўзровень небясьпекі на чацьвер і пятніцу 10–11 жніўня.

За мінулы тыдзень толькі ў Менску з сонечнымі апёкамі шпіталізаваныя 10 чалавек, перадае БЕЛТА. Сем зь іх ужо выпісаныя, тры застаюцца ў Гарадзкой клінічнай лякарні. Шпіталізацыі падлягаюць пацыенты з апаленьнем больш як 40% скуры.

Удзень 10 жніўня на паўднёвым захадзе Беларусі, а 11 жніўня на большай частцы Беларусі тэмпэратура паветра мае дасягнуць +30—34°С, у Берасьцейскай вобласьці +35°. 10-га будзе суха, прагназуюцца толькі кароткачасовыя дажджы на захадзе, магчымыя навальніцы. 11-га ж кароткачасовыя дажджы чакаюцца па ўсёй краіне, у асобных раёнах навальніцы.

У сьпёку рэкамэндуюць насіць лёгкае адзеньне з натуральнай тканіны і галаўны ўбор, меней карыстацца дэкаратыўнай касмэтыкай, заўсёды мець пры сабе ваду, старацца меней знаходзіцца пад прамымі сонечнымі промнямі, пазьбягаць заняткаў спортам у самы сквар, але і не сядзець пад уключанымі на максымум кандыцыянэрамі, каб не захаладзіцца.

Каб надаць першую дапамогу пацярпеламу ад сонечнага ўдару, трэба да прыбыцьця лекараў перанесьці яго ў зацененае прахалоднае памяшканьне, вызваліць ад тугога адзеньня (расшпіліць рэмень і тугі каўнер, зьняць абутак), адчыніць вокны, пры магчымасьці пакласьці пад пахі пакеты зь лёдам або мокры халодны ручнік, напаіць вадой. Калі чалавек траціць прытомнасьць, даць панюхаць нашатырны сьпірт.

Куды пайсьці купацца? Камэнтар эколяга пра чысьціню беларускіх азёр

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG