Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт ня верыць словам Русага пра чыстую прадукцыю ў Чарнобыльскай зоне


Намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы лічыць, што пасьля скасаваньня ахоўнай зоны Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку тэрыторыю можна эфэктыўна выкарыстоўваць.

Паводле яго, аграрнікі навучыліся вырошчваць «чыстую прадукцыю» ў зонах з узроўнем радыяцыйнага забруджваньня ад 1,5 да 5 кюры:

Міхаіл Русы
Міхаіл Русы

«Дзеля таго, каб засьцерагчыся, у нас даволі жорсткія — аж да крымінальнай адказнасьці — патрабаваньні да атрыманьня чыстай прадукцыі. Ня дай бог, радыяактыўнай. Мы навучыліся ў зонах ад 1,5 да 5 кюры вырошчваць чыстую прадукцыю праз ахоўныя захады. Прадукцыя мае быць толькі чыстая».

Чыноўнік нагадаў, што калісьці была ўведзена дадатковая ахоўная зона. Аднак ня так даўно Аляксандар Лукашэнка пасьля «шматлікіх просьбаў» мясцовых органаў улады, у прыватнасьці, Гомельскага аблвыканкаму, скасаваў статус «жорсткай зоны»:

«Гэта працэс кіраваны, таму кожнае поле, якое трэба будзе засеяць, правяраецца на наяўнасьць радыянуклідаў. І толькі пасьля гэтага прымаецца рашэньне: прадукцыя чыстая або нячыстая. Калі ёсьць нават мінімальнае адхіленьне, там ніхто нічога ня будзе сеяць і вырошчваць», — запэўніў Міхаіл Русы.

«Трызьненьне», — так пракамэнтаваў Свабодзе гэтыя развагі Русага кандыдат тэхнічных навук, былы сябра Чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага савету СССР Юры Варонежцаў.

Варонежцаў пазнаёміўся з заявамі чыноўніка і парэкамэндаваў Русаму вярнуцца ў 8 клясу сярэдняй школы ды пагартаць падручнік фізыкі — там пра ўсё гэта напісана:

Юры Варонежцаў
Юры Варонежцаў

«Поўнае трызьненьне, — паўтарае спадар Варонежцаў. — Прабачце за эмоцыі, але я назіраю за тым, што адбываецца вакол Палескага запаведніка. Гэта перадусім ліквідацыя буфэрнай зоны. Адбываюцца нейкія сюррэалістычныя рэчы. Я там неаднаразова бываў — там брудная зямля, і нічога на ёй нельга рабіць прынамсі 100 гадоў. Таму тое, што заяўляюць „вучоныя“ кшталту Русага — гэта, яшчэ раз кажу, трызьненьне. Галоўнае, ім начальнік загадаў — і яны будуць „на аўтамаце“ паўтараць, што ўсё вакол нармальна. Мы гэта ўжо праходзілі ў мінулым стагодзьдзі, калі намагаліся давесьці, што нічога страшнага ў Чарнобылі ня здарылася».

На перакананьне Варонежцава, грамадзкасьць павінна зрабіць усё, каб не дапусьціць вяртаньня ў абарот забруджаных земляў Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку:

«Калі яшчэ за савецкім часам мы распрацоўвалі канцэпцыю бясьпечнага пражываньня, літаральна ў першых радках было патрабаваньне цалкам выключыць рызыкі для здароўя людзей. Хаця б на элемэнтарным узроўні, бо гэта той выпадак, калі лепей у 100 разоў перастрахавацца. А тут на радыяактыўнай зямлі нешта зьбіраюцца вырошчваць. Абсурд. Не, тэарэтычна нешта вырасьціць можна, ачысьціць, зьбіраюцца кароў пэктынам карміць (мяне б хто пэктынам „пачысьціў“). Але гэта ж у дзясяткі разоў будзе даражэй, чым звычайная прадукцыя! Чым улады кіруюцца — не разумею».

У чэрвені Аляксандар Лукашэнка наведаў Палескі запаведнік. Падчас візыту ён заявіў, што частку земляў — тэрыторыі зь меншым роўнем забруджваньня, ад 1 да 5 кюры — можна больш актыўна ўключыць у гаспадарчы абарот. Пры такіх паказьніках дазваляецца збор грыбоў і ягадаў з абавязковым радыяцыйным кантролем.

Пры вышэйшых лічбах (да 15 кюры) нарыхтоўчыя працы забароненыя, можна толькі знаходзіцца ў лесе.

Раней намесьнік старшыні Нараўлянскага райвыканкаму Дзьмітры Максіменка адзначаў, што ў ахоўнай зоне ёсьць землі з узроўнем радыяцыі, якія перавышаюць 40 кюры на км2. Туды доступ людзей катэгарычна забаронена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG