Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самагубства па-беларуску: ці скончыўся «час second hand»


У 2016 годзе 2042 жыхары Беларусі скончылі самагубствам — 1656 мужчынаў і 386 жанчын. Мала гэта ці шмат? Існуе пабытовае ўяўленьне, што суіцыд — даволі рэдкая зьява. Між тым колькасьць самазабойстваў у шмат разоў пераўзыходзіць колькасьць забойстваў у грамадзтве, і гэта не асаблівасьць Беларусі летась, так было і ёсьць ва ўсім сьвеце.

Летась у Беларусі ахвярамі забойстваў сталі 395 чалавек, загінулі на пажарах 625 чалавек, у аўтакатастрофах — 761 чалавек. Загіблых ад гэтых прычынаў разам — менш, чым самагубцаў.

Паказьнікі шлюбаў і разводаў, нараджальнасьці і самагубстваў — даволі ўстойлівыя для пэўнага грамадзтва. Калі яны істотна зьмяняюцца, то адбываецца гэта не выпадкова, а з прычыны глыбокіх зьменаў у грамадзкім жыцьці. І, нарэшце, узроўні гэтых паказчыкаў — пэўнае люстра маральнага стану дадзенага грамадзтва ў параўнаньні зь іншымі.

Беларусь на вышыні

Усясьветная арганізацыя аховы здароўя (WHO) дзеліць усе краіны сьвету на тры катэгорыі паводле паказьніка колькасьці самазабойстваў на 100 тысячаў насельніцтва. Нізкі ўзровень самазабойстваў — да 10 чалавек за год на 100 тысячаў насельніцтва — мелі, напрыклад, у 2015 годзе Гватэмала (2.7), Армэнія (4.6), Грэцыя, Італія і Ізраіль (па 5.4). Група з сярэднім узроўнем самазабойстваў вызначаецца ўзроўнем — ад 10 да 20 чалавек на 100 тысячаў насельніцтва. Нарэшце, высокі і вельмі высокі ўзровень самазабойстваў вызначаецца паказьнікам — звыш 20 самазабойстваў на 100 тысячаў насельніцтва.

У 2016 годзе Беларусь з 2042 самазабойцаў і насельніцтвам у 9504700 чалавек мела адпаведнае значэньне паказьніка 21.4, трапляючы ў групу краінаў з высокім узроўнем самазабойстваў. За апошні год у краіне назіраўся невялічкі рост гэтага паказьніка, у 2015 годзе ён склаў у Беларусі 19.1 — блізка да верхняй мяжы сярэдняга ўзроўню самазабойстваў.

У 2015 годзе Беларусь паводле гэтага паказьніка была на 14-м месцы ў сьвеце.

Графік 1

Крыніца: WHO


Анамія - што гэта

Больш зьмястоўную карціну дае вывучэньне доўгага трэнду, які праводзіцца ў працы беларускага навукоўцы Юрыя Развадоўскага «Як адрозьніваюцца паказьнікі суіцыду ў краінах былога СССР?» (What Accounts for the Differences in Suicide Trends Across Countries of
the Former Soviet Union
?)

Графік 2

Паводле дадзеных Развадоўскага, у 1980-2014 гадах дынаміка колькасьці суіцыдаў на 100 тысячаў насельніцтва ў Беларусі, Расеі і Ўкраіне была вельмі падобнай: істотнае падзеньне ў 1986 годзе, потым імклівы рост да рэкордна высокіх паказьнікаў (якія перавышалі ўзровень паказьнікаў пачатку 80-х) і таксама рэзкае зьніжэньне з пачатку нулявых гадоў. У Расеі ў першай палове 90-х адпаведны паказьнік узьляцеў да 38, у Беларусі назіралася «плато» на ўзроўні 34-36 з канца 90-х па пачатак нулявых. Ва Ўкраіне колькасьць самазабойстваў на 100 тысячаў насельніцтва была ніжэйнай, чым у Беларусі і Расеі, але траекторыя падобная — «горб» на мяжы тысячагодзьдзя і зьніжэньне ў апошнія гады.

Гэтыя тэндэнцыі пацьвярджае і наступны графік, заснаваны на дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя ў гэтым стагодзьдзі па Беларусі, яе суседзях і саюзьніку — Казахстану.

Графік 3

Крыніца: WHO

Ва ўсіх 6 постсавецкіх краінах, пры ўсіх адрозьненьнях у эканамічным і палітычным становішчы, за 15 гадоў з пачатку стагодзьдзя назіраецца адна і тая ж тэндэнцыя — істотнае зьніжэньне ўзроўню самазабойстваў. Цікава адзначыць, што ў посткамуністычнай, але не постсавецкай Польшчы такога трэнду не было, узровень самазабойстваў там на працягу 15 гадоў практычна не зьмяніўся.

Традыцыя дасьледаваньняў зьменаў маральнага стану грамадзтва праз вывучэньне колькасьці самазабойстваў бярэ пачатак ад славутага францускага сацыёляга ХІХ стагодзьдзя Эміля Дзюркгэйма. Адна з галоўных высноваў працы Дзюркгэйма: прычынай росту колькасьці самазабойстваў зьяўляецца анамія — разбурэньне сыстэмы грамадзкіх нормаў і каштоўнасьцяў, зьніжэньне ўзроўню згуртаванасьці, інтэграцыі грамадзтва ці сацыяльнай групы. Чалавека трымае на гэтым сьвеце сувязь зь іншымі людзьмі.

Сындром караля Ліра

Само па сабе пагаршэньне матэрыяльных умоваў спрыяе росту самазабойстваў, але апасродкавана, праз мэханізм, які дасьледчыкі самазабойстваў называюць «сындромам караля Ліра» — праз страту звыклых статусаў і месца ў грамадзтве. Герой пʼесы Шэксьпіра, страціўшы ўладу, ня стаў жабраком, але згубіў сэнс жыцьця.

Размова ідзе менавіта пра страту свайго месца ў грамадзтве, а не адно пра страту дабрабыту. Дасьледаваньні паказваюць, што падчас войнаў колькасьць самазабойстваў у грамадзтве не павялічваецца, а памяншаецца, грамадзтва не атамізуецца, а гуртуецца супраць выкліку, «перамога — адна на ўсіх» робіць гэтых «усіх» больш кансалідаванымі. Эканамічныя крызысы, рэвалюцыі, наадварот, зьмяншаюць кансалідацыю.

Нешта падобнае адбывалася з чальцамі постсавецкіх грамадзтваў пасьля распаду СССР, што выдатна апісала ў кнізе «Час second hand» Сьвятлана Алексіевіч. Менавіта гэтым, так выглядае, і тлумачыцца «сьвечка» — значны рост колькасьці самазабойстваў на мяжы стагодзьдзяў.

Алькаголь як чыньнік

Яшчэ адным фактарам, які ўплывае на ўзровень самазабойстваў, зьяўляецца ўзровень спажываньня алькаголю. Многія краіны, якім уласьцівы высокі ўзровень самазабойстваў, займаюць таксама высокія пазыцыі ў рэйтынгу самых пітушчых краінаў, у нашым рэгіёне гэта, у прыватнасьці, Беларусь, Літва і Расея. Аднак наўпроставай сувязі тут няма, Казахстан, як мусульманская краіна, адносна малапітушчая, у 2015 годзе гэтая краіна, як вынікае з Графіку 1, займала ў рэйтынгу суіцыдаў 4 месца ў сьвеце.

Выглядае, што насамрэч спажываньне алькаголю — ня столькі прычына самазабойстваў, колькі і адно, і другое — праявы аднаго і таго ж фэномэну — анаміі, страты, аслабленьня сацыяльных сувязяў. І пʼюць, і забіваюць сябе ад экзістэнцыйнай самоты.

Жанчыны больш прывязаныя да жыцьця

Яшчэ адна сусьветная заканамернасьць, якая мае месца і ў Беларусі — гэта залежнасьць колькасьці самазабойстваў ад полу, у сьвеце ў сярэднім мужчыны сканчаюць жыцьцё самагубствам прыкладна ў 4 разы часьцей, чым жанчыны.

Жанчыны больш прывязаныя да жыцьця, для іх большае значэньне маюць сямейныя сувязі, найперш зь дзецьмі. Зразумела, што ёсьць розныя жанчыны, як і розныя мужчыны, але ў сярэднім гэта так, і адрозьненьні ў паказьніках самазабойстваў пра тое сьведчаць.
Графік 4.


Крыніца: WHO
Як бачна з графіку, у Беларусі гэты паказьнік значна вышэйшы за гэты сярэдні па сьвеце, беларусы ў сярэднім у 5-7 разоў часьцей ідуць на самазабойства, чым беларускі.

Старыя хочуць жыць

Сувязь з узростам — больш складаная. Можна было б дапусьціць, што чым бліжэй чалавек да натуральнай сьмерці, тым больш ён схільны разьвітацца з жыцьцём. Але гэтая гіпотэза няверная. Пік самазабойстваў у Беларусі прыпадае на 45-54 гады. Прычым гэтая заканамернасьць захоўваецца незалежна ад узроўню самазабойстваў у цэлым у грамадзтве — і пры высокім у 2000 годзе, і пры значна меншым у 2010 годзе максымум самазабойстваў прыпадае менавіта на ўзроставую кагорту 45-54 гады.

Маладыя яшчэ хочуць жыць, старыя ўжо зьмірыліся з жыцьцём. Яшчэ адно тлумачэньне, чаму старыя не часьцей за іншых сканчаюць жыцьцё самагубствам, палягае ў тым, што старыя жыхары краіны — гэта пераважна жанчыны. У сярэднім у Беларусі на 1000 мужчынаў прыпадае 1160 жанчынаў, але ўжо сярод 65-гадовых жанчынаў у паўтара разы болей, а сярод 75-гадовых іх у два разы болей, чым мужчынаў. Ну, а жанчыны, як было адзначана раней, радзей сканчаюць жыцьцё самагубствам.

Графік 5

Крыніца: WHO

Падводзячы вынікі, варта адзначыць, што другая палова нулявых — пачатак дзесятых гадоў — сталі ў постсавецкіх краінах часам пераадоленьня экзістэнцыйнага шоку ад распаду СССР. Паказьнікі самазабойстваў засталіся высокімі, але ў параўнаньні з папярэднім пэрыядам зьнізіліся ў 1.5-2 разы. Так што прынамсі паводле паказьніку самазабойстваў цяперашні час для Беларусі — ужо ня «час second hand».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG