Ягонае прозьвішча стала вядома ў 1998 годзе, калі ў менскім начным клюбе «Макс-шоў» ён параніў зь пісталета хакейнага трэнэра Міхаіла Захарава і ахоўніка клюбу.
За гэта Логінаў быў асуджаны на 12 гадоў пазбаўленьня волі. Сьведкам таго інцыдэнту стаў старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар, які быў госьцем клюбу.
Як сказаў Свабодзе сябра сацыяльна-інфармацыйнай установы «ТаймАкт», былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч, судзіць Логінава будуць па артыкуле 411 Крымінальнага кодэксу РБ.
«Прычыны працягу зьняволеньня Логінава — стандартныя для такіх месцаў: дрэнна прыбраны ложак, парушэньне формы адзеньня, адмова ад дзяжурстваў і іншае», — кажа Аўтуховіч.
Паводле суразмоўцы, у «ТаймАкт» па дапамогу зьвярнулася маці Аляксандра Логінава. Яна кажа, што ў сына дрэнны стан здароўя, належнай мэдычнай дапамогі ён не атрымлівае.
Маці кажа таксама, што восем з амаль дванаццаці гадоў у месцах зьняволеньня Логінаў правёў у адзіночнай камэры Гарадзенскай турмы. Цяпер яго ўтрымліваюць у Ваўкавыскай калёніі.
Аляксандар Логінаў вядомы сваёй прыналежнасьцю да арганізаванай злачыннай групоўкі «Пасялковыя».