Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры нагоды мець свой Дзень дэсантніка


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Год таму на Дзень дэсантніка я распавядаў, як хлопцы ў блакітных барэтах за столікамі каля ўнівэрсаму «Цэнтральны» ў Менску бедавалі, што ў Беларусі такога сьвята няма і роду войск такога няма, таму яны сьвяткуюць як у Расеі.

Падобна, што сёлета першы крок да заснаваньня свайго адмысловага сьвята для беларускіх дэсантнікаў зроблены. Паводле задумы сталічных уладаў і Міністэрства абароны адзначаць яго будуць не 2 жніўня, а 29 ліпеня. Прынамсі тая дзея, што адбылася на беразе Сьвіслачы каля менскага Палацу спорту, апроч уласна шоў, на маю думку, мела яшчэ некалькі важных аспэктаў.

Па-першае, важны сам крок да заснаваньня свайго асобнага нацыянальнага сьвята дэсантнікаў. У кантэксьце апошніх падзеяў у нашым рэгіёне адасобіцца ад расейскае даты сьвяткаваньня гэтага дня цалкам лягічна, бо сьвяткаваць сваё прафэсійнае сьвята ў адзін дзень зь «зялёнымі чалавечкамі», якія раптам могуць зьявіцца і ў нас, было б няправільна.

Па-другое, трэба адзначыць зьмену фармату сьвята і той мэсыдж, які ўкладаецца ў гэты новы фармат і прапануецца грамадзтву. Паводле ініцыятараў сьвята, беларускі Дзень дэсантніка плянуецца зрабіць сьвятам сямейным, патрыятычным і, што надзвычай важна, цывілізаваным.

«Мы хочам паказаць, што нашы байцы і абаронцы — людзі інтэлігентныя і прыстойныя, п’янымі ў фантанах не купаюцца».

Такая заява відавочна апануе хаатычнаму й абсалютна непрадказальнаму сьвяткаваньню адпаведнага дня ў Расеі, дзе галоўны герой — крыніца напругі, а часта й нематываванае агрэсіі, п’яны скача ў фантаны ды ўсяляк прыцягвае да сябе ўвагу. На зьмену яму ў нас прапануецца цывілізаванае шоў для ўсіх з усялякімі прафэсійнымі практыкаваньнямі з арсэналу вайсковага спэцназу, дзе галоўны герой — вайсковы супэрмэн накшталт Джэймса Бонда.

Арсэнал, дарэчы, даволі бондаўскі.

«У межах фэсту заплянаваныя выступы баявых плыўцоў, турнір рукапашнага бою, выстава вайсковай тэхнікі, дэманстрацыя наземных практыкаваньняў для скачкоў з парашутам, “прыцэльныя” скачкі з парашутам на абмежаваную пляцоўку, высадка парашутыстаў на ваду з “навучальным боем” і конкурс “Міс дэсантура”».

Які ж Джэймс Бонд без адпаведнае міс.

Пагадзіцеся, розьніца ў вобразах відавочная.

Нарэшце, трэцяе. У час, калі палітычная сытуацыя ў балта-чарнаморскім рэгіёне Эўропы, апроч расейска-ўкраінскага канфлікту, падаграецца правядзеньнем плянаваных расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад 2017», калі ў Беларусь ідуць эшалёны з расейскімі войскамі, а па Віцебску езьдзяць «зялёныя чалавечкі» без апазнавальных знакаў, правесьці дадатковую трэніроўку баявых падразьдзяленьняў сіл спэцыяльных апэрацый у сталіцы пад выглядам Дня дэсантніка — абачлівы й своечасовы крок.

Год таму другога жніўня ўсё каля таго ж унівэрсаму «Цэнтральны» дзяцюк ў блакітным барэце наконт вайны на Данбасе сказаў мне наступнае:

— Сёньня ўсё можа быць. Калі раптам пачнецца ў нас, то выбіраць ня прыйдзецца, бо свой цельнік бліжэй да цела.

Актуальнасьць сказанага з таго часу ня зьменьшылася.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG